2012-06-07 12:52:26

“L’Osservatore Romano”: Жанна Д’Арк – дзяўчына, якая не баялася быць іншай


RealAudioMP3 “Дзяўчына, якая не баялася быць іншай” – пад такім загалоўкам у сённяшнім “L’Osservatore Romano” быў надрукаваны артыкул французскага кардынала Жана Луі Тарана. прысвечаны св. Жанне Д’Арк. Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу адзначыў, што гэта святая мела глыбокую веру і паставіла Езуса на першае месца ў сваім жыцці. “Верыць у Бога, не значыць верыць у яго існаванне, але ў тое, што ён дзейнічае ў нашым жыцці”, - адзначыў іерарх і дадаў, што прыняць гэта, не заўсёды зручна, сведчаннем чаму з’яўляецца жыццё Жанны Д’Арк. Кардынал Таран распавёў, што святая перажыла шмат цяжкасцяў, і нават адно з самых жорсткіх катаванняў: асуджэнне Касцёлам. “Ёсць мала святых, якія б перажылі такую глыбокую адзіноту, як гэта дзевятнаццацігадовая дзяўчына”, - падкрэсліў іерарх. Ён дадаў, што нягледзячы на асуджэнне, святая не адмовілася ад веры ў Хрыста і яго Містычнага Цела, якім з’яўляецца Касцёл. Іерарх цытуе Бэнэдыкта XVI, які паставіў св. Жанну Д’Арк за прыклад для сучаснай моладзі, што павінна браць на сябе адказнасць за палітычнае і грамадскае жыццё і асвятляць яго евангельскай любоўю.

“Мы не павінны мець комплексаў. Не павінны баяцца быць іншымі і ісці супраць плыні. Мы не можам быць святлом у начы не будучы пытаннем для іншых. Не можам быць хрысціянамі і заключаць пакты з цемрай. Існуе шмат сфер чалавечага жыцця, дзе выбары, паводзіны, праграмы, маюць тэрміновую патрэбу ў тым, каб быць асветленымі любоўю Хрыста, вылітай на нас праз Святога Духа і робячай нас па-сапраўднаму светлымі і дальнабачнымі, як Жанна”, - напісаў у ватыканскай газеце кардынал Таран.








All the contents on this site are copyrighted ©.