2012-06-07 14:46:54

Кардынал Уэлле: Эўхарыстычны кангрэс у Ірландыі паспрыяе ўнутранаму аднаўленню мясцовага Касцёла


RealAudioMP3 Кардынал Марк Уэлле лічыць, што ў Ірландыі, пасля сумных выпадкаў сексуальных злоўжыванняў святароў і ва ўмовах цяжкага эканамічнага крызісу, настаў адпаведны момант для паяднання, прабачэння і аднаўлення дыялога паміж біскупамі, святарамі, законнікамі і свецкімі вернікамі. Папскі легат на Міжнародны эўхарыстычны кангрэс у Дубліне, які пачнецца 10 чэрвеня, адзначыў, што форум павінен паспрыяць унутранаму аднаўленню Касцёла на “Зялёным востраве”. Іерарх расказаў, што за чатыры гады, да таго, як быў прызначаны прэфектам Кангрэгацыі па справах Біскупаў і пераехаў у Рым, ён у якасці арцыбіскупа канадскага Квебека, прымаў мінулы эўхарыстычны кангрэс. Кардынал Уэлле падкрэсліў, што тады, пасля дзесяцігоддзяў секулярызацыі, Квебек стаў сведкам сапраўднага свята, якое дадалао яму новых сіл і дазволіла ўстанавіць добры кантакт з Паўсюдным Касцёлам. Дзякуючы Кангрэсу былі адкрыты дзве новыя духоўныя семінарыі, каб выйсці насустрач хвалі святарскіх пакліканняў, падкрэсліў іерарх.

Кардынал Уэлле патлумачыў, што эўхарыстычны кангрэс тычыцца ўнутранай, духоўнай таямніцы Касцёла, у той час як, напрыклад, Сусветныя дні моладзі і Сусветная сустрэча сем’яў скіраваны перш за ўсё на евангелізацыю.

Іерарх ужо двойчы наведваў Ірландыю: у 2001 і 2002 г. з нагоды ўдзелу ў экуменічных мерапрыемствах. Ён адзначыў, што размах секулярызацыі ў Ірландыі не такі шырокі, як у Канадзе: у касцёлах больш вернікаў удзельнічае ў св. Імшы, а таксама захоўваецца вялікая колькасць пакліканняў да святарства. Акрамя таго, іерарх адзначыў вялікі ўклад ірландскіх місіянераў у распаўсюджванне Евангелля ва ўсім свеце. “Гэта спадчына, на якой можна будаваць, асабліва зараз, калі шукаюцца новыя сілы для аднаўлення Касцёла ў Ірландыі”, - адзначыў кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.