2012-06-07 14:33:45

Бэнэдыкт ХVI: няхай Чэмпіянат Еўропы па футболе спрыяе пабудове мірнага грамадства


RealAudioMP3 З нагоды распачацця Чэмпіянату Еўропы па футболе, які пачнецца 8 чэрвеня ў Польшчы і на Украіне, Бэнэдыкт ХVI скіраваў спецыяльнае пасланне да старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы, арцыбіскупа Юзэфа Міхаліка. Святы Айцец адзначыў, што ў гэтай спартыўнай падзеі ўдзельнічаюць не толькі арганізатары, спартсмены і балельшчыкі, але розным чынам і ў розных праявах, усё грамадства. “Таксама і Касцёл не застаецца абыякавым да гэтай падзеі, асабліва ў забеспячэнні духоўных патрэбаў тых, хто ўдзельнічае ў ёй. З падзякай я прыняў інфармацыі, што падчас гэтых гульняў адбудуцца катэхетычныя сустрэчы, малітвы і св. Імшы”, - напісаў Папа.

Бэнэдыкт ХVI узгадаў бл. Яна Паўла ІІ, які сказаў, што спартыўныя мерапрыемствы спрыяюць пабудове грамадзянскай супольнасці, у якой супрацьстаянне замяняецца здаровай канкурэнцыяй, а канфлікты замяняюцца мірнымі спартыўнымі сустрэчамамі. “Камандныя віды спорту, асабліва футбол, з’яўляюцца важнай школай у выхаванні пачуцця павагі да іншага, асабліва да спартыўнага праціўніка, у духу асабістай ахвярнасці на карысць дабра ўсёй каманды, праз павышэнне якасці кожнага элементу, які яе стварае. Адным словам, у пераадоленні логікі індывідуалізму і эгаізму, якімі часта характарызуюцца чалавечыя адносіны”, - напісаў Святы Айцец і дадаў, што спартыўныя мерапрыемствы павінны спрыяць логіцы братэрства і любові, на ўсіх узроўнях, будуючы сапраўднае супольнае дабро.

На завяршэнне свайго паслання Папа заклікаў усіх, хто займаецца арганізацыяй Чэмріянату Еўропы, каб ён стаў выразам самых высакародных цнотаў, духу міру і шчырай радасці. “У малітве я давяраю Богу душпастыраў, валанцёраў, футбалістаў, балельшчыкаў і ўсіх тых, хто займаецца падрыхтоўкай і добрым правядзеннем Чэмпітянату”, - напісаў у завяршэнне свайго паслання Бэнэдыкт ХVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.