2012-06-07 11:44:17

Беларуская сям’я пасля форуму ў Мілане: мы знайшлі адказ на пытанне – як працаваць і святкаваць


RealAudioMP3 З Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая праходзіла ў Мілане на мінулым тыдні, вярнуліся беларускія ўдзельнікі. Шматасабовая група пілігрымаў прысутнічала на гэтым форуме першы раз. Упершыню здейснілі такое далёкае падарожжа муж і жонка Пуйман з Мінска з двума дзецьмі – двухгадовай Сабінай і пяцігадовым Фёдарам. Стомленаць пасля дарогі прайшла, засталіся толькі ўражанні. Аб удзеле ў Сустрэчы Ірына і Сяргей нават баяліся марыць. Магчымасць з’явілася амаль перад ад’ездам беларускай пілігрымкі ў Мілан, і яны не разважалі, кажа Ірына.

“Нам было цікава, а як каталіцкай сям’і вельмі важна было атрымаць благаслаўленне самаго папы Бэнэдыкта XVI, якога мы маглі пабачыць. Атмасфера была прыязная, там было шмат людзей розныхнацыянальнасцяў, усе былі прыязныя, валанцёры прыязныя, сама Італія была прыязная. Гэта было свята, такі фэст!”, - падзялілася Ірына Пуйман.

Сапраўды, усе і ехалі ў Мілан як на свята – гэта вялікая радасць адчуць сабе аб’яднанымі з сотнямі тысяч сем’яў. Такіх розных – з адным дзяцяці ці шматдзетных, з Паўднёвай Амерыкі ці з Азіі, але і такіх блізкіх адначасова – з тымі ж праблемамі, хваляваннямі. Для кожнай сужэнскай пары гэты час быў як моман ісціны – магчымасць паглядзець на сваё сямейнае жыццё з боку, кажа Сяргей Пуйман. “Ва ўсім свеце ёсць сем’і, у якіх усё ў парадку, ці не ў парадку, ёсць такія, якія думаюць, што ў парадку, а на самой справе гэта не так. Мы таксама не ідэальная сям’я, але трэба імкнуцца да гэтага. Асновай кожнай сям’і павінна быць вера і сумесная малітва – гэта абавязкова дапаможа”, - адзначыў ён.

Сумесныя малітвы кожны дзень, а яшчэ наведванне міланскіх святынь і ўдзел у кангрэсе – распарадак кожнага з пяці дзён быў напружаны. У гэтым годзе тэма Сусветнай сустрэчы сем’яў гучала так: “Сям’я: праца і святкаванне”. Як жа трэба працаваць па-за сям’ёй і ў сям’і і як трэба праводзіць час са сваімі роднымі? Ірына і Сяргей Пуйманы адказы для сябе знайшлі. “Нават у сям’і, блізка адзін да аднаго людзі могуць быць вельмі далёкімі, не размаўляюць, не маюць адносін. Адсюль і разводы. Таму трэба размаўляць, слухаць адзін аднаго, абмяркоўваць праблемы – гэта адна з прыступак да міру з сям’і”, - падзяліліся яны.

“Сям’я павінна збірацца разам. Будні, хтосьці у сад, школу, на працу, гэта будні. А нядзелю трэба прысвяціць сям’і, усё разам рабіць, нейкія пікнікі, уікэнды, больш з дзецьмі займацца. А таксама больш часу прысвяціць малітве, каб ранішняя сямейная малітва была, вячэрняя. Тады і нейкія крызісы перажываць лягчэй. Бог дапамагае”, - дзеляцца сваім рэцэптам сямейнага жыцця Пуйманы.

Для іх удзел у Сусветнай сустрэчы магчыма назаўсёды застанецца ў памяці – як цікавае і складанае падарожжа. Але бясспрэчна чакае іх яшчэ цікавейшае і складанейшае – падарожжа іх уласнай сям’і – побач і разам. Ужо гэтую нядзелю яны правядуць учатырох – пойдуць у касцёл, потым на заняткі з сынам, а потым – пікнік каля дома.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.