2012-06-06 18:00:43

Мітрапаліт Кандрусевіч: мне б хацелася, каб наступны каталіцка-праваслаўны форум прайшоў у Беларусі


RealAudioMP3 З 5 чэрвеня ў Лісабоне, іерархі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўных Цэркваў разам абмяркоўваюць прычыны эканамічнага крызісу і беднасці ў сучаснай Еўропе – там распачаўся ІІІ Еўрапейскі каталіцка-праваслаўны форум. У ім прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мы папрасілі яго распавесці аб тым, як праходзяць працы форуму, якія пытанні на ім уздымаюцца, і магчыма, якія рашэнні ўжо былі прыняты.

“Падчас гэтага форуму падкрэслівалася, што заданнем Касцёла і Царквы не з’яўляецца даванне якіх-небудзь канкрэтных рэцэптаў адносна выхаду з крызісу, - паведаміў арцыбіскуп Кандрусевіч - але маральна ацаніць сітуацыю, ацаніць маральныя прычыны, якія прывялі да гэтага крызісу і даць свае рэкамендацыі. Было падкрэслена, што ў цэнтры ўвагі павінен быць пастаўлены чалавек, бо аднымі з прычын крызісу з’яўляецца адыход ад маральных нормаў, антрапалагічныя і этычныя прычыны”.

Іерарх дадаў: “Аб сучасным крызісе і беднасці ў Еўропе ўдзельнікі сустрэчы казалі ў кантэксце трох розных фактараў: перш за ўсё падкрэслівалася секулярызацыя, якая адбываецца ў сучаснай Еўропе, і звязана з дабраахвотным адрачэннем чалавека ад Бога; па-другое, глабалізацыя, якая з аднаго боку набліжае людзей, а з іншага не робіць іх адносіны больш братэрскімі, а нават наадварот – усё больш праяўляюцца эгаістычныя тэндэнцыі: багатыя жывуць усё лепш, а бедныя працягваюць станавіцца больш беднымі; і па-трэццяе, удзельнікі форума, падкрэслівалі духоўнае абядненне чалавека. Гэта ўсё паходзіць ад маральнага рэлятывізма, адмаўлення ад маральных нормаў”.

“Удзельнікі шмат гаварылі аб тым, што Касцёл і Праваслаўныя Цэрквы рэальна дапамагаюць бедным людзям, але гэтага недастаткова – трэба дапамагчы гэтым людзям развівацца, навучыць іх працаваць, зарабляць сабе на жыццё, даць ім прафесію. Такім чынам, дапамагчы беднаму самаму знаходзіць сродкі для жыцця”, - сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

“Падчас гэтага форума таксама адбываюцца спатканні паміж рознымі біскупамі. - дадаў іерарх - Я меў магчымасць спаткацца з каталіцкімі біскупамі Еўропы, паразмаўляць з імі аб сітуацыі Касцёла ў Беларусі. Таксама я меў магчымасць паразмаўляць з братамі з розных Праваслаўных Цэркваў, якія вельмі цікавяцца жыццём Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і вельмі добра ўспрымаюць той факт, што адносіны паміж Касцёлам і Царквой у нашай краіне добрыя”.

На пытанне, ці магчыма правядзенне такога форуму ў Беларусі, арцыбіскуп сказаў: “Не трэба апярэджваць падзеі. Яшчэ застаецца два з паловай дні форуму. Практыка паказвае, што ў трэцці або чацвёрты дзень разглядаецца пытанне аб месцы правядзення наступнага форума. Я для гэтага шмат працую і мне б хацелася, каб калісьці ў будучыні такі форум адбыўся і ў Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.