2012-06-05 13:36:41

Кардынал Равазі: Касцёл патрабуе сучаснай касцёльнай музыкі


RealAudioMP3 У адным з рымскіх касцёлаў 4 чэрвеня адбыўся дыялог паміж кардыналам Джанфранка Равазі і славутым італьянскім дырыжорам Рыкарда Муці. Унутры касцёлаў чалавек павінен знайсці надзвычайнае перапляценне паміж чалавечым і боскім, якое адбываецца ў літургіі, адзначыў кардынал Равазі. Ён дадаў, што, акрамя музыкі мінулых часоў, Касцёл мае патрэбу ў вялікіх сучасных музыкантах, творы якіх дазволілі б перажываць літургію дзякуючы новай мове. На думку кардынала, жаданне чуць у касцёле музыку простую і зразумелую не можа прывесці да яе баналізацыі; у творах заўсёды павінна захоўвацца сакральнае вымярэнне. Дыялог паміж іерархам і кампазітарам прайшоў у рамках праекту “Дзверы ў вечнасць. Чалавек і Абсалют у мастацтве”, які ў 2011 г. пачала Камісія па сацыяльных камунікацыях Вікарыяту Рыма ў супрацоўніцтве з ініцыятывай “Падворак язычнікаў” Папскай рады па культуры.

Рыкарда Муці, у сваю чаргу, адзначыў, што літургічная музыка павінна быць вельмі простай, каб яе маглі разумець і успрымаць усе. “Музыка павінна мець здольнасць падняць дух тых, хто прыходзіць у Касцёл маліцца, але таксама і тых, хто не з’яўляецца вернікам. Увесь свет прасякнуты гукамі, якія мы не можам зразумець, але яны нас пранізваюць і дазваляюць быць істотамі, створанымі для музыкі”, - сказаў італьянскі кампазітар.








All the contents on this site are copyrighted ©.