2012-06-04 12:34:40

Кс. Ламбардзі: не здзіўлюся, калі ў бліжэйшыя дні будуць апублікаваны наступныя канфідэнцыйныя дакументы


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў, што падарожжа Папы на Сусветную сустрэчу сем’яў у Мілан прайшло лепш, чым можна было спадзявацца. “Гэта была вельмі значная для грамадства і чалавецтва агульнакасцёльная падзея”, - адзначыў кіраўнік Залы Друку. Ён дадаў, што для Папы тры дні, праведзеныя ў Мілане, былі часам радасці, што дапамагло Пантыфіку паглядзець з надзеяй на апошнія праблемы, ад якіх церпіць Касцёл. Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што ў гэтыя дні Святы Айцец быў вельмі спакойны і шчаслівы. “Ён заўсёды вельмі ўважлівы і чулы на праявы любові да яго з боку вернікаў і таму перажываў з радасцю і падзякай апладысменты з іх боку падчас св. Імшы ў нядзелю раніцай”, - падзяліўся італьянскі езуіт.

Адносна апублікавання адной з італьянскіх газет новай партыі асабістай карэспандэнцыі Бэнэдыкта XVI, прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў, што “Папа не здзіўлены апублікаваннем новых дакументаў і яго гэта ўжо больш не хвалюе”. Што тычыцца асабістага меркавання кс. Ламбардзі аб сітуацыі, ён адзначыў, што вельмі заклапочаны агульнай сітуацыяй вакол выкрадзеных канфідэнцыйных дакументаў і яму застаецца толькі пытаць сябе пра сэнс і мэту гэтага ўчынку. Кіраўнік Залы Друку дадаў, што “не здзівіцца, калі ў бліжэйшыя дні будуць апублікаваны наступныя дакументы”. “Зразумела, што той, хто мае зараз у сябе шмат выкрадзеных дакументаў грае імі паводле сваёй стратэгіі і мэтаў. Вядома, што ён не апублікуе іх толькі адзін раз, каб затым пакінуць нас у спакоі”, - сказаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.