2012-06-04 13:05:14

Кангрэгацыя Веравучэння крытычна аб кнізе амерыканскай законніцы


RealAudioMP3 Кангрэгацыя Веравучэння дала ацэнку кнізе сястры Маргарэт Фарлі “Проста кахаць. Асновы хрысціянскай сексуальнай этыкі”, выдадзенай у Нью-Ёрку у 2006 г. Змест дадзенай кнігі не адпавядае навучанню Каталіцкага Касцёла і сеіць непаразуменні сярод вернікаў. Законніца з’яўляецца загадчыцай кафедры этыкі Ельскага ўніверсітэта і вядомым спецыялістам у сферы каталіцкай тэалогіі. Менавіта таму Кангрэгацыя вырашыла правесці экспертызу публікацыі. Камісія спецыялістаў яшчэ 8 чэрвеня 2011 г. прыйшла да высновы, што кніга папулярызуе памылковыя погляды, што можа толькі пашкодзіць вернікам. Аўтару публікацыі быў дасланы адпаведны каментар, у якім былі пералічаны памылкі, і прапанавана далейшае выпраўленне тэксту. Змены зроблены былі, але не пацягнулі за сабой выпраўлення сур’ёзных памылак. Тэкст характарызуецца некарэктным успрыняццем каталіцкага навучання, якое прадстаўляецца толькі як адно з магчымых меркаванняў, і грубымі памылкамі ў тлумачэнні маральных асноў. Такое стаўленне, паводле Кангрэгацыі Веравучэння, не можа быць ніякім чынам апраўдана, тым больш у кантэксце экуменічнай пазіцыі, якую спрабуе прадставіць сястра Фарлі. Большасць інфармацыі ў кнізе прадстаўлена як асабістае меркаванне, без уліку аўтарытэту навучання Касцёла.

Кніга дае скажонае прадстаўлення аб натуральных маральных законах; такі падыход не адпавядае каталіцкай тэалогіі. Напрыклад, у кнізе сцвярджаецца, што мастурбацыя не з’яўляецца праблемай маральнага характару і больш дапамагае ў адносінах, чым наносіць шкоды; што гомасексуальныя саюзы могуць быць апраўданы. Таксама аўтар дазваляе сабе гаварыць аб магчымасці разрыву сакрамэнту сужэнства у выпадках, калі абставіны і самі людзі змяняюцца; пра неабходнасць разводу і магчымасць новага сужэнства.

Сваёй ацэнкай Кангрэгацыя Веравучэння выражае глыбокі смутак, што кансэкраваная асоба выказвае пазіцыю поўнасцю супрацьлеглую каталіцкаму навучанню ў пытаннях сексуальнай маралі. Таксама Кангрэгацыя інфармуе вернікаў, што кніга “Проста кахаць. Асновы сексуальнай этыкі” не адпавядае дактрыне Касцёла і не можа быць выкарыстана ў духоўным, маральным і асветніцкім кантэкстах.








All the contents on this site are copyrighted ©.