2012-06-03 16:37:47

Бэнэдыкт XVI: сям’я, праца, адпачынак – патрэбныя для пабудовы грамадства з чалавечым тварам


RealAudioMP3 Сённяшняя св. Імша з удзелам каля 850 тыс. вернікаў са 153 краін стала заключным акцэнтам VII Сусветнай сустрэчы сем’яў у Мілане, якая праходзіла з 30 мая пад дэвізам: “Сям’я: праца і святкаванне”. На пачатку сваёй гаміліі Пантыфік адзначыў, што настолькі вялікі сход вернікаў уяўляе сабой вобраз Касцёла, яго універсальнасць, а таксама плён місіі Хрыста на зямлі. Святы Айцец нагадаў, што 3 чэрвеня ўвесь Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. На яго думку, кожны з нас пакліканы не толькі сузіраць гэтую таямніцу, але імкнуцца будаваць адносіны з Богам поводле мадэлі Найсвяцейшай Тройцы. “Мы пакліканы да згоднага прыняцця і перадачы ісцін веры; да перажывання ўзаемнай любові да ўсіх, падзяляючы радасці і нягоды, вучачыся прасіць і прабачаць , прызнаючы розныя харызматы пад кіраўніцтвам пастыраў”, - адзначыў Папа. Ён дадаў, што “быць вобразам Адзінага Бога ў трох асобах, пакліканы не толькі Касцёл, але таксама сям’я, заснаваная на сужэнстве, заключаным паміж мужчынам і жанчынай”.

“Бог стварыў чалавечую асобу як мужчыну і жанчыну, роўнымі ў сваёй годнасці, але таксама з уласнымі якасцямі, якія дапаўняюць сябе, каб двое былі дарам адно для аднаго, шанавалі адно аднаго і стваралі супольнасць жыцця і любові. Любоў з’яўляецца тым, што робіць асобу сапраўдным вобразам Бога. Паважаныя муж і жонка, жывучы ў сужэнстве, вы не дорыце адно аднаму рэчы або паступкі, але ўсё жыццё цалкам. А ваша каханне, плённае перш за ўсё для вас саміх, бо хочаце і робіце дабро адно для аднаго, адчуваючы радасць прыняцця і ахвяравання”, - звярнуўся Папа да сабраных у міланскім парку “Брэсса” сем’яў. Пантыфік дадаў, што сям’я заўсёды карысная для грамадства, таму што сямейнае жыццё з’яўляецца першай і неабходнай школай грамадскіх цнотаў, такіх як павага да асобы, самаадданасць, давер, адказнасць, салідарнасць, супрацоўніцтва. Святы Айцец звярнуўся да дзяцей і папрасіў іх “падтрымліваць адносіны глыбокай любові і пяшчотнага клопату да сваіх бацькоў”.

Паводле Бэнэдыкта XVI, заданне мужчыны і жанчыны – супрацоўнічаць з Богам, каб змяняць свет, праз працу, навуку і тэхніку. “Мы бачым, што ў сучасных эканамічных тэорыях, пераважае ўтылітарная канцэпцыя працы, вытворчасці і рынку. Тым не менш, Божы план і вопыт паказваюць, што аднабаковая логіка ўласнай выгады і максімальнага прыбытку, гэта не тое, што можа спрыяць гарманічнаму развіццю добрай сям’і і пабудове больш справядлівага грамадства, таму што яна прыносіць з сабой раздражняльную канкурэнцыю, моцную няроўнасць, знішчэнне навакольнага асяроддзя, спажывальніцкую гонку, цяжкасці ў сям'і. Утылітарнае мысленне імкнецца перайсці на адносіны міжасабовыя і сямейныя, зводзячы іх да зыбкіх супадзенняў прыватных інтарэсаў, падрываючы грамадскую прастору”, - адзначыў Папа.

Бэнэдыкта XVI звярнуў увагу на значэнне святкавання для хрысціянкай сям’і і звязаў яго з Днём Пана, нядзеляй. На думку Святога Айца, “гэта дзень чалавека і яго вартасці: быцця разам, салідарнасці, культуры, кантакту з прыродай, весялосці, спорту. Гэта дзень сям’і, у які трэба супольна перажываць пачуццё свята, сустрэчы, абмену адно з адным, а таксама ўдзелу ў св. Імшы”.

У заключэнне Святы Айцец падкрэсліў, што сям’я, праца, адпачынак, гэта тры дары Божыя, тры аспекты нашага быцця, якія павінны знайсці згодную раўнавагу. Гэта, паводле Папы, важна для пабудовы грамадства з чалавечым тварам. На думку Пантыфіка, дэвізам сучаснай каталіцкай і хрысціянскай сям’і павінна быць першынства логікі “быць”, над логікай “мець”.

На заканчэнне св. Імшы прагучала малітва “Анёл Панскі” перад якой Бэнэдыкт XVI звярнуўся да сабраных на розных мовах. Пантыфік паведаміў, што наступная Сусветная сустрэча сем’яў адбудзецца ў амерыканскай Філадэльфіі ў 2015 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.