2012-06-02 13:56:27

Святы Айцец заклікаў моладзь не казаць Езусу “не”


RealAudioMP3 2 чэрвеня апоўдні, Папа сустрэўся на міланскім стадыёне “Меаца” з моладдзю-кандыдатамі да сакрамэнту бежмавання. Звяртаючыся да іх, Бэнэдыкт ХVI адзначыў, што ім ужо пашанцавала пазнаць вялікую каштоўнасць сакрамэнту хросту, які з’яўляецца ўваходнымі дзвярыма ў хрысціянскае жыццё. “Адроджаныя з вады і Святога Духа, вы сталі часткай сям’і Божых дзяцей , сталі хрысціянамі, членамі Касцёла”, - сказаў Папа і заўважыў, што цяпер маладыя людзі маюць магчымасць атрымаць вялікія дары, якія дапамогуць ім на шляху жыцця стаць адважнымі і вернымі сведкамі Езуса. “Дары Святога Духа з’яўляюцца цудоўнай рэальнасцю; яны дазваляюць вам фарміравацца як хрысціянам, жыць Евангеллем і быць актыўнымі членамі супольнасці”, - сказаў Бэнэдыкт ХVI.

Папа нагадаў, што падчас сакрамэнту бежмавання хрысціянін атрымлімвае дары: мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай. “З гэтымі каштоўнымі дарамі ваша сяброўства з Езусам стане яшчэ больш сапраўдным і шчыльным”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў маладых людзей да дапамогі і шчодрасці адносна сваіх сяброў.

“Будзьце гатовымі дапамагчы і шчодрымі адносна іншых, перамагаючы спробы ставіць у цэнтры свайго жыцця сябе самаго, таму што эгаізм з’яўляецца ворагам радасці. І калі адчуеце прыгажосць быць часткай супольнасці Езуса, тады зможаце зрабіць свой ўклад у яе развіццё, а таксама зможаце запрасіць іншых далучыцца да яе”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў моладзі, што Пан кожны дзень кліча іх да Сябе. “Будзьце адкрытымі на тое, што вам прапануе Езус і калі кліча вас ісці за Ім на шляху святарства ці кансэкраванага жыцця, не гаварыце “не”, - сказаў Папа і дадаў, што толькі тады Езус напоўніць іх сэрцы на ўсё жыццё.







All the contents on this site are copyrighted ©.