2 чэрвеня апоўдні,
Папа сустрэўся на міланскім стадыёне “San siro” з моладдзю-кандыдатамі да сакрамэнту
бежмавання. Звяртаючыся да іх, Бэнэдыкт ХVI адзначыў, што ім ужо пашанцавала пазнаць
вялікую каштоўнасць сакрамэнту хросту, які з’яўляецца ўваходнымі дзвярыма ў хрысціянскае
жыццё. “Адроджаныя з вады і Святога Духа, вы сталі часткай сям’і Божых дзяцей , сталі
хрысціянамі, членамі Касцёла”, - сказаў Папа і заўважыў, што цяпер маладыя людзі маюць
магчымасць атрымаць вялікія дары, якія дапамогуць ім на шляху жыцця стаць адважнымі
і вернымі сведкамі Езуса. “Дары Святога Духа з’яўляюцца цудоўнай рэальнасцю; яны дазваляюць
вам фарміравацца як хрысціянам, жыць Евангеллем і быць актыўнымі членамі супольнасці”,
- сказаў Бэнэдыкт ХVI. Папа нагадаў, што падчас сакрамэнту бежмавання хрысціянін атрымлімвае
дары: мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай. “З гэтымі
каштоўнымі дарамі ваша сяброўства з Езусам стане яшчэ больш сапраўдным і шчыльным”,
- сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў маладых людзей да дапамогі і шчодрасці адносна сваіх
сяброў.
“Будзьце гатовымі дапамагчы і шчодрымі адносна іншых, перамагаючы
спробы ставіць у цэнтры свайго жыцця сябе самаго, таму што эгаізм з’яўляецца ворагам
радасці. І калі адчуеце прыгажосць быць часткай супольнасці Езуса, тады зможаце зрабіць
свой ўклад у яе развіццё, а таксама зможаце запрасіць іншых далучыцца да яе”, - падкрэсліў
Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў моладзі, што Пан кожны дзень кліча іх да Сябе.
“Будзьце адкрытымі на тое, што вам прапануе Езус і калі кліча вас ісці за Ім на шляху
святарства ці кансэкраванага жыцця, не гаварыце “не”, - сказаў Папа і дадаў, што толькі
тады Езус напоўніць іх сэрцы на ўсё жыццё.