Ватыканская газета пра італьянскага рэжысёра і яго погляд на каштоўнасць сям’і
“L‘Osservatore Romano”
прысвячае сёння некалькі артыкулаў вядомаму італьянскаму актору, рэжысёру, сцэнарысту
і пісьменніку Карла Вердонэ, прасочваючы яго жыццёвыя метамарфозы як мастака і асобы.
Ватыканская газета не застаўляе без увагі яго духоўнае ўзрастанне ў творчасці, спачатку
як выдатнага актора-коміка, а затым рэжысёра і сцэнарыста. Тут заўважаецца апазіцыя
Вердонэ да моднай плыні паразітарнага эгацэнтрызму і распрапагандаванай праз сучасную
субкультуру мадэлі паспяховасці. Аўтар артыкула ў ватыканскай газеце, кіназнаўца Эміліа
Ранцата нагадвае аб эвалюцыі ў творчасці Вердонэ – ад камізму гогалеўскага Акакія
Акакіевіча да філасофскай іроніі асэнсавання жыцця і вартасці сям’і. Вядомы па фільмах
“Школьныя сябры”, “Мой лепшы вораг”, ”Італьянцы”, “Падручнік кахання” , Вердонэ не
зварочвае з дарогі пошуку сапраўдных каштоўнасцяў, выкарыстоўваючы моц камізму.
Менавіта
сям’і – Вердонэ прысвячае практычна ўсе свае творы, заўважае ватыканская газета. У
“Фатальнай Лары” рэжысёр расказвае аб намаганні святара, ролю якога выконвае сам Вердонэ,
“склеіць” сваю сям’ю, разбураную разводамі, непаразуменнямі ў заходнім хаосе, калі
ў людзей ёсць усё, а шчасця – няма. Герой Карла Вердонэ нанава адкрывае для членаў
сваёй вялікай сям’і трывалую аснову сумлення, якое вырастае з веры. У апошнім творы
– “Стоячы ў раі”, які выйшаў на экраны ў 2012 г., герой даведваецца пра цяжарнасць
дачкі і прыкладае ўсе намаганні, каб абараніць жыццё яшчэ ненароджанага ўнука і не
дапусціць аборту і разрыву дачкі з бацькам яе будучага маляня. Вуснамі свайго героя,
якога невыпадкова называе Улісам, Вердонэ кажа, што разуменне неабходнасці абараняць
сям’ю, нажаль, часта прыходзіць пасля доўгага экзістэнцыяльнага пошуку.