2012-06-01 11:32:55

Допыт камердынера не раней за панядзелак


RealAudioMP3 Арыштаваны камердынер папы Бэнэдыкта XVI будзе дапытаны ватыканскімі следчымі не раней за бліжэйшы панядзелак, паведаміў кіраўнік Залы Друку кс. Фэдэрыка Ламбардзі 31 мая ў Ватыкане. Дакументы двух адвакатаў Паола Габрыэле яшчэ не былі прадстаўлены; гэта неабходна для распачацця працэдуры допытаў. Таму іх пачатку трэба чакаць не раней за “панядзелак ці аўторак”. Раней паведамлялася, што судовыя працэдуры маглі распачацца нават 1 чэрвеня. Былы папскі камердынер быў арыштаваны ў сераду па падазрэнні ў крадзяжы канфідэнцыйных дакументаў Пантыфіка і Святога Пасаду.

Кс. Ламбардзі таксама паведаміў, што каталагізацыя дакументальнага матэрыялу, які быў знойдзены ў кватэры камердынера, працягваецца. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы не паведаміў падрабязнасцяў аб саміх канфіскаваных дакументах і спосабе іх захоўвання. Ён таксама абверг інфармацыю, што ватыканская жандармерыя праводзіла следчыя дзеянні на тэрыторыі Італіі. Такія паведамленні “абсалютна неабгрунтаваныя”, сказаў кс. Ламбардзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.