2012-06-01 13:25:21

Беларускія ўдзельнікі сустрэчы ў Мілане: тут для нас свята, у Беларусі пачнецца праца


RealAudioMP3 Беларуская дэлегацыя на Сусветнай сутрэчы сем’яў пачала свой удзел у форуме. 30 мая 48 пілігрымаў пад кіраўніцтвам кс. Пятра Бялевіча прыбылі ў Мілан і былі прыняты ў адной з парафій. У інтэрв’ю нашаму радыё кс. Пётр распавёў, што мясцовыя жыхары вельмі цёпла і радасна сустрэлі вернікаў з Беларусі і размеркавалі іх на начлег у сваіх сем’ях. Ён адзначыў, што форум вельмі добра арганізаваны: удзельнікам былі выдадзены праяздныя білеты, набор неабходных рэчаў, спецыяльна для дзяцей створаны пляцоўкі для гульняў, на час пакуль бацькі заняты ўдзелам у канферэнцыях. “Да абеда ў чацвер мы ўсе разам слухалі канферэнцыі. Затым мы вырашылі проста пайсці ў міланскі архікатэдральны касцёл, паглядзець цэнтр горада. Вельмі прыемна, што шмат людзей прыехала на сустрэчу сем’яў і яшчэ працягваюць прыязджаць. Паўсюль: на вуліцы, у метро, аўтобусах, людзі вельмі добра нас прымаюць, калі бачаць так шмат сем’яў. Яны падыходзцяць самі – хочуць пагутарыць, пытаюць адкуль мы і хто мы. Учора і сёння, у 08.00 мы прымалі ўдзел у св. Імшы, праўда на італьянскай мове, але Евангелле нас папрасілі чытаць па-беларуску”, - расказаў кс. Пётр.

Ён нагадаў, таксама, што тэма Сусветнай сустрэчы сем’яў “Сям’я, праца і святкаванне”. Паводле адной з выступаючых на форуме, сучаснаму чалавеку неабходна вучыцца святкаваць і працаваць, бо асабліва ў багатых краінах, людзі, якія могуць сабе дазволіць многае, часта не адчуваюць асаблівай радасці ад святаў, расказаў кс. Пётр.

“Для нас тут пакуль што свята, але калі мы вернемся ў Беларусь, то будзем працаваць: нам трэба будзе напісаць артыкулы ў беларускія газеты і часопісы і не толькі каталіцкія, але і іншыя, каб падзяліцца тым, што мы тут перажылі”, - сказаў святар.

1 чэрвеня ў Мілан прыбудзе Святы Айцец. Кс. Пётр адзначыў, што вернікі з Беларусі з хваляваннем чакаюць гэтага візіту і змогуць ўбачаць і пачуць Пантыфіка ўжо заўтра падчас “Свята сведчанняў”, якое пройдзе ў парку “Брэсса”.








All the contents on this site are copyrighted ©.