2012-05-31 12:02:40

Ватыканская газета ўпершыню са спецыяльным дадаткам для жанчын


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” упершыню выйшла са спецыяльным каляровым глянцавым дадаткам для жанчын. Першы нумар прысвечаны ролі жанчыны ў свеце і жыцці Касцёла. На яго старонках – разважанне аб Наведзінах Найсвяцейшай Панны Марыі, інтэрв’ю з кіраўніком руху “Факаляры” Марыяй Вочэ, артыкул аб жанчынах у лагерах смерці падчас ІІ Сусветнай вайны, маленькі комікс, рэцэнзія на некаторыя “жаночыя” фільмы і кнігі, эссэ аб ролі св. Жаны Д’Арк у гісторыі французскага народа і многія іншыя цікавыя матэрыялы. Чатырохстаронкавы дадатак надрукаваны на глянцавай паперы. Ён будзе выходзіць штомесяц з мэтай інфармаваць аб актуальных праблемах жанчын, “гарачых” тэмах, звязаных з пракрэацыяй, культурай і эмансіпацыяй. Акрамя таго, на старонках выдання будуць размяшчацца навіны, знаёмства з якімі дазволіць лепш разумець сітуацыю жанчын у сучасным свеце.

Першая старонка дадатку будзе прысвечана жанчынам, якія выконваюць важную ролю ў жыцці Касцёла, але не з’яўляюцца шырока вядомымі. “Іх уклад, як законніц, так і свецкіх, становіцца ўсё больш шырокім і значным, хоць аб гэтым яшчэ мала вядома – дастаткова падумаць, што сёння ў свеце жыве каля 740 тыс. законніц супраць 460 тыс. святароў і законнікаў”, - адзначаецца на старонках выдання. Акрамя таго, у дадатку будзе месца для артыкулаў аб жаночай духоўнасці, жанчынах-маці і законніцах. Некаторыя матэрыялы будуць прысвечаны аналізу кніг і фільмаў пра жанчын, і не абавязкова на рэлігійную тэматыку.

Аўтары выдання, разам з яго галоўным рэдактарам Лучэттай Скарафіяй, адзначаюць, што будуць імкнуцца перамагаць стэрэатыпы і забабоны, якія існуюць у адносінах паміж Касцёлам і жанчынамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.