2012-05-30 13:48:32

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт канфірмацыі – дар розуму


RealAudioMP3 Мы працягваем разважаць аб сакрамэнце канфірмацыі. Нагадаю, што ў мінулых праграмах мы пачалі размову аб дарах Святога Духа. Менавіта іх бежмаваны атрымлівае падчас сакрамэнту. Мы ўжо пазнаёміліся з пяццю дарамі Святога Духа: бояззю Божай – дарам, які дазваляе бачыць па-сапраўднаму небяспечныя для нашага шчаслівага жыцця рэчы; дарам пабожнасці, які вучыць нас з любоўю і міласэрнасцю адносіцца да іншых; дарам умеласці – магчымасцю бачыць глыбіню і сапраўднае прызначэнне ўсяго, што нас акружае; дарам рады – гатоўнасцю згубіць нешта непатрэбнае і з адвагай адкрыцца на далягляды новага; і, нарэшце, дарам мужнасці, які дае магчымасць бачыць крыж, як рэчаіснасць бязмернага даверу Богу. Сёння прапаную пазнаёміцца з наступным дарам – дарам розуму.

Як мы ўжо бачылі ў мінулых праграмах, дары Святога Духа не зусім адпавядаюць звыкламу значэнню той ці іншай якасці. Тое ж тычыцца і дару розуму. Розум, які паходзіць ад Святога Духа, неабходна адрозніваць ад розуму, які з’яўляецца ўнутранай характэрыстыкай чалавека.

Нам з самага маленства падабаецца, калі іншыя адзначаюць прысутнасць у нас розуму. Быць разумным прыемна – гэта дае магчымасць адчуваць сябе на вышыні, быць у цэнтры ўвагі, прымаць выгодныя і правільныя рашэнні, адчуваць сваю незалежнасць. Але розум, аб якім мы пагаворым сёння, гэта дар Бога, што служыць для чагосьці іншага – для нечага большага. Перш за ўсё варта адзначыць, што гэты розум не з’яўляецца нашай унутранай натуральнай якасцю, але той, якая прыходзіць звонку і выяўляецца толькі ў адносінах да іншых людзей.


Само слова розум – на лацінскай мове гучыць як “intelectus”. Яно складаецца з двух слоў “іntus” - “унутры” і “lectus” “чытаць”. “Чытаць знутры” – прасякаць рэчы, уваходзіць у іх глыбіню, а не заставацца на паверхні – такое значэнне мае гэта якасць. Таксама і дар розуму дае магчымасць сягаць у глыбіню і ўбачыць нябачную праўду, якая прысутнічае ў рэчах. Якую?

Паводле, ужо знаёмага нам св. Філіпа Нэры, дар розуму звязаны з братэрскай любоўю. Адразу можа ўзнікнуць пытанне – чаму? Розум – гэта такі дар, які дае магчымасць глядзець унутр чалавека і бачыць яго ў праўдзе – бачыць яго карані, сапраўднае прызначэнне. Паводле схаластычнага тлумачэння, розум дае магчымасць бачыць нябачныя праўды ў адносінах да звышнатуральнай мэты. Дзякуючы розуму мы бачым іншага менавіта ў гэтым кантэксце – у адносінах да Бога, Які з’яўляецца пачаткам і канцом кожнага стварэння.

Гэты дар неабходны для любові. Для таго, каб быць здольным справядліва і добра паступаць з іншымі, адносіцца да іншых з любоўю. Розум дае магчымасць бачыць тое нябачнае, што было падорана Богам кожнаму чалавеку. Дар розуму, дазваляе бачыць іншага як важную асобу, напоўненую ўнутры чымсьці звышнатуральным і прыгожым. Ён дае магчымасць зразумець прыгажосць рэчаў, іх каштоўнасць, важнасць і звышнатуральную мэту.

Такім чынам становіцца зразумелым, чаму дар розуму неабходны каб па-сапраўднаму глыбока паважаць іншага і быць ўважлівымі да нашых адносінаў з ім. Дар розуму фундаментальна важны для таго, каб мець магчымасць любіць. Нам неабходна слухаць, што Святы Дух нам кажа пра іншага і рэчы, якія нас акружаюць. Розум дае нам магчымасць адчуваць каштоўнасць іншага чалавека і бачыць схаваную праўду аб рэчах, падзеях і асобах, якія знаходзяцца вакол нас.








All the contents on this site are copyrighted ©.