2012-05-29 15:53:41

“L’Osservatore Rоmano” пра Канскі фестываль і рэаліці-шоў


RealAudioMP3 Апошні нумар “L’Osservatore Rоmano” звяртае ўвагу на павольную смерць яшчэ зусім нядаўна гіперпапулярнага тэлевізійнага жанру рэаліці-шоў. Гезета піша пра фільм італьянскага рэжысёра Матэо Гаронэ пад назвай “Рэаліці-шоў” (Reality), які атрымаў гран-пры сёлетняга Канскага кінафестывалю. Паводле “Osservatore”, фільм убівае апошні цвік у труну гэтага тэлежанру, які сёння перажывае агонію. Герой стужкі, просты неапалітанскі гандляр рыбай, становіцца вар’ятам пасля таго, як не праходзіць кастынг на ўдзел у “Вялікім браце”.

Сёлетні кінафестываць як ніколі шырока закрануў тэму рэаліці-шоў. Сведчаннем таму яшчэ два фільмы, якія дэманстраваліся падчас яго: “Галодныя гульні” Гэры Роса і “Хаціна ў лесе” Дру Годарда.

Першы апавядае пра постапакаліптычнае грамадства, дзе, пад жорсткім кантромем здзічэлых людзей, што жывуць у таталітарнай дзяржаве, падлеткі – удзельнікі штогадовага рэаліці-шоў, накшталт гладыятараў павінны забіваць адно аднаго. Ватыканская газета знаходзіць падабенства сітуацыі, апісанай у стужцы, да Халакосту. “Хаціна ў лесе”, хоць і зроблены ў жанры фільму жахаў, дэманструе трагізм сітуацыі, калі за юнакамі і дзяўчатамі, якія едуць на некалькі дзён у госці да аднаго з сяброў, пастаянна “шпіёняць” мільёны тэлегледачоў.

Усе гэтыя метафарычныя фільмы, адзначаецца ў сённяшнім “L’Osservatore Rоmano”, паказваюць боль і клопат аб адным: цэлае пакаленне моладзі стала ахвярай азартных тэлегульняў, створаных у імя ўзбагачэння адзінак.








All the contents on this site are copyrighted ©.