2012-05-28 12:28:57

Мінск: у працэсіі Божага Цела ўзялі ўдзел каля 15 тыс. вернікаў


RealAudioMP3 У нядзелю 27 мая па вуліцах Мінска прайшла працэсія Божага Цела, звязаная з урачыстасцю Цела і Крыві Хрыста. Кожны год у ёй прымаюць удзел святары і вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У гэтым годзе па некаторых падліках іх было каля 15 тыс. Пачалася працэсія, па традыцыі, са св. Імшы каля касцёла св. Роха на Залатой горцы, пасля заканчэння якой працэсія вырушыла галоўным праспектам сталіцы ў напрамку чарговых стацый. Харугвы, дзяўчынкі ў белых сукенках, гарадскі тратуар, усланы пялёсткамі кветак – усё гэта прыдало святу асаблівую ўрачыстасць. У цэнтры ж – Найсвяцейшы Сакрамэнт, які неслі да чарговых алтароў, усталяваных пад адкрытым небам. Усяго чатыры стацыі з чытаннем Святога Пісання і кароткім казаннем.

Адразу ж працэсія ператвараецца ў сапраўдную людскую раку, якая расцякаецца на некалькі кварталаў. Калі пачатак працэсіі – на Кастрычніцкай плошчы, яе заканчэнне – яшчэ толькі на плошчы Перамогі. Каля 4 гадзін ішлі і маленькія, і сталыя – і ніхто не скардзіўся на стомленасць.

“Калі з Богам ідзеш, дык я да Вільні яшчэ дайду!”, “Свята, урачыстае, прыгожае. Хрыстус ідзе па нашаму гораду, благаслаўляе ўсіх людзей, каб усе былі шчаслівыя, жылі з Богам, каб нашы дзеці раслі з Богам”, - казалі вернікі.

На самой справе, амаль кожны ведаў, чаго ён далучыўся да працэсіі. Гэтая ўрачыстасць дае магчымасць не толькі разам, але і публічна ўшанаваць галоўную таямніцу хрысціянства – Эўхарыстыю. Як быццам сам Езус Хрыстус ідзе па вуліцах і глядзіць, ці прысутнічае Ён у жыцці людзей. І ці жадаюць яны ісці за Ім, нягледзячы на ўсялякія перашкоды – адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

“Напэўна, гэта вялікае свята, свята, тое, што мы можам прайсці па вуліцах з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, свята тое, што шмат людзей і што сёння добрае надвор’е. А шмат людзей – гэта знак таго, што людзі хочуць, нягледзячы на выклікі сучаснага часу, на перашкоды, хочуць жыць з Богам”, - сказаў іерарх.

Па цэнтральным праспекце, праз галоўныя плошчы, да галоўнага каталіцкага храма, архікатэдральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі – маршрут працэсіі нязменны ўжо шмат гадоў. Шмат гадоў бязлюдныя вуліцы мернай і ціхай нядзельнай раніцы парушаюць гукі гучнай малітвы, як быццам прызываючы ўсіх зрабіць крок насустрач Богу.

Ларыса Абрамчук, Мінск







All the contents on this site are copyrighted ©.