2012-05-26 16:00:46

Кс. Ламбардзі пацвердзіў інфармацыю аб арышце камердынера Папскага дома


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы падцвердзіў, што 23 мая Ватыканская жандармерыя арыштавала камердынера Папскага дома Паўло Габрыэле за нелегальнае захоўванне ў сваім доме, канфідэнцыяльных дакументаў Апостальскай Сталіцы. Кс. Ламбардзі падцвердзіў, што Паўло Габрыэле знаходзіцца пад арыштам. “Закончыўся першы этап “кароткага даследавання” пад кантролем Прамотэра Справядлівасці, прафесара Ніколы Пікардзі і пачаўся этап “афіцыйнага раследавання”, якім будзе кіраваць прафесар П’еро Антоніо Бонэт”, - адзначыў езуіт.

Кіраўнік Залі Друку расказаў, што абвінавачаны ўжо меў магчымасць сустрэцца са сваімі адвакатамі, якія будуць прадстаўляць яго інтарэсы ў ватыканскім судзе. “Яны будуць дапамагаць яму ў наступных этапах судовага працэсу. Паўло Габрыэле будзе карыстацца ўсімі юрыдычнымі гарантыямі, якія прадугледжвае крымінальны і працэсуальны кодэкс, што дзейнічае у горадзе-дзяржаве Ватыкан”, - сказаў кс. Ламбардзі. Ён адзначыў, што следства будзе працягвацца да таго моманту, пакуль сітуацыя не высветліцца да канца, а затым будзе вырашана ці вызваліць яго ці перадаць справу ў суд.








All the contents on this site are copyrighted ©.