2012-05-23 14:10:48

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: хто моліцца – ніколі не бывае адзін


RealAudioMP3 23 мая Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў вучыцца адчуваць у малітве “смак” быцця дзецьмі Божымі. Менавіта гэтай тэме была прысвечана катэхеза Святога Айца, якую ён прамовіў падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме. “Дух Святы, вялікі настаўнік малітвы, вучыць нас звяртацца да Бога з цёплымі словамі, клічучы Яго “Абба, Ойча”, - сказаў Папа. Ён нагадаў, што так звяртаўся да Бога Айца Езус у самыя драматычныя моманты свайго зямнога жыцця. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што Касцёл, з самых першых гадоў свайго існавання прыняў гэты зварот вельмі блізка да сэрца. “Хрысціянства – гэта не рэлігія страху, але даверу і любові да Айца, які нас любіць”, - сказаў Пантыфік. Ён нагадаў, што апостал Павел у сваіх пасланнях заклікаў прыняць Святога Духа, які дапаможа нам устанавіць сыноўнія адносіны з Богам – “адносіны глыбокага даверу, які бывае у дзяцей”.

“Магчыма сучасны чалавек не разумее прыгажосці, велічы і глыбокага суцяшэння, змешчанага ў слове “айцец”, якім мы можам звяртацца да Бога ў малітве, бо сёння постаць бацькі часта не дастаткова прысутная і пазітыўная ў штодзённым жыцці. Адсутнасць бацькі, праблема бацькі адсутнага ў жыцці дзіцяці, з’яўляецца вялікай праблемай нашага часу, таму нам складана зразумець глыбіню таго, што Бог – гэта Айцец для нас”, - сказаў Пантыфік.

Папа прапанаваў углядзецца ў адносіны Хрыста з Богам Айцом, каб навучыцца такім адносінам. Ён нагадаў заклік Пана: “любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб вы сталі сынамі Айца вашага, які ў нябёсах”. Папа падкрэсліў, што менавіта любоў робіць нас сынамі Божымі. “Бог з’яўляецца любоўю, і таксама мы, у нашай сыноўскай малітве, уваходзім у гэты ланцуг любові Божай, якая ачышчае нашы жаданні, нашы паводзіны, пазначаныя закрытасцю, самадастатковасцю, эгаізмам, уласцівым старому чалавеку”, - звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец падкрэсліў, што айцоўства Бога мае два вымярэнні: што Ён з’яўляецца нашым стварыцелем, і што праз Езуса Хрыста Ён набыў адну прыроду з намі. Папа адзначыў, што паглыбляць гэта адзінства з Богам хрысціянін пакліканы на працягу ўсяго свайго жыцця.

“Мы не можам маліцца, калі ў глыбіні нашых сэрцаў не будзе запісана жаданне Бога, каб мы былі яго дзецьмі. З таго часу як існуе “homo sapiens”, ён заўсёды знаходзіцца ў пошуку Бога, спрабуе размаўляць з Ім, бо сам Бог запісаў сябе ў нашыя сэрцы”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа падкрэсліў, што малітва Духа Хрыста ў нас, не з’яўляецца толькі нашай асабістай малітвай, але належыць да ўсяго Касцёла. “Хто размаўляе з Богам – той не адзін. Мы знаходзімся ў вялікай малітве Касцёла, з’яўляемся часткай вялікай сімфоніі, якую хрысціянская супольнасць у розных кутках зямлі і ў кожны час узносіць да Бога. Канешне, музыканты і інструменты розныя, і гэта багацце, але мелодыя праслаўлення адзіная і гарманічная”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што “малітва пад кіраўніцтвам Святога Духа, які дае нам магчымасць усклікаць “Абба! Ойча!” з Хрыстом і ў Хрысце, уключае нас у адзіную вялікую мазаіку сям’і Божай, у якой кожны чалавек грае важную ролю, і глыбока паяднаны з усім”. Папа заклікаў вернікаў адкрыцца на дзейнасць Святога Духа, каб малітва перамяняла думкі і дзейнасць і рабіла іх усё больш блізкімі да думак і учынкаў Езуса Хрыста.







All the contents on this site are copyrighted ©.