2012-05-22 12:57:54

Сусветную сустрэчу сем’яў папярэдзіць буйны міжнародны кангрэс у Іспаніі


RealAudioMP3 Чэрвеньскую Сусветную сустрэчу сем’яў у Мілане папярэдзіць 25-27 мая VI Сусветны кангрэс сем’яў у Мадрыдзе. Некалькі тысяч яго ўдзельнікаў будуць разважаць аб “Сужэнстве і сям’і як будучыні грамадства”. У форуме возьмуць удзел шматлікія хрысціянскія рухі і асацыяцыі. Прыбудуць прадстаўнікі іншых рэлігій і няверуючыя, якія выступаюць у абарону сям’і і жыцця ад зачацця да натуральнай смерці . Арганізатары адзначаюць, што мэта Кангрэсу – абмен думкамі і вызначэнне плану дзейнасці па абароне жыцця і сям’і на глабальным узроўні. Акрамя таго, удзельнікі форуму жадаюць унесці свой уклад у адукацыю і паспрыяць абмену думкамі. Падчас Кангрэсу дэлегаты абмяркуюць і вызначаць новыя стратэгіі буйных міжнародных арганізацый, якія дзейнічаюць на карысць жыцця і сям’і.

У VI Сусветным Кангрэсе сем’яў прыме ўдзел кардынал Эніо Антанэлі, старшыня Папскай рады па справах сям’і; ён выступіць з дакладам “Натуральная сям’я і нападкі на яе”.

Колькасць удзельнікаў міжнародных кангрэсаў пастаянна расце. На першым форуме ў Празе ў 1997 г. прысутнічала 700 дэлегатаў, а ў апошнім, у 2009 г. у Амстэрдаме, удзел узяло ўжо каля 4 тыс. абаронцаў жыцця і сям’і.







All the contents on this site are copyrighted ©.