2012-05-21 10:30:27

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Дыялог з секулярызмам на зразумелай мове


RealAudioMP3 Назіраючы за тым, як выглядае сумеснае жыццё прадстаўнікоў секулярнай і хрысціянскай культуры, можна заўважыць цікавыя, хоць і даволі небяспечныя выклікі, якія ставіць перад намі сучаснасць. Перадусім гэта пытанне аб тым, наколькі хрысціяне разумеюць, з кім маюць дачыненні, калі сустракаюцца з секулярызаванымі асобамі ў сваім акружэнні. І адныя, і другія карыстаюцца знешне падобнай мовай і паняццямі. Але сэнсы, якія ўкладваюцца ў выразы, сведчаць аб тым, што вернік і няверуючы на самой справе размаўляюць на зусім на розных мовах.

Каб больш наглядна разглядзець гэтую праблему, звернемся да прыкладаў з нашага жыцця.

Здаецца, многім сучасным вернікам вядомыя сітуацыі, калі прыходзіцца размаўляць на тэму веры з людзьмі, далёкімі ад Касцёла. Часта гэтыя суразмоўцы настолькі секулярызаваныя, што іх веды аб хрысціянстве вельмі павярхоўныя і скажоныя. Іх уяўленні пра жыццё веруючых людзей грунтуюцца на звестках з мастацкіх фільмаў, забаўляльных тэлепраграм, мас-медыяў. Акрамя гэтага многія здраджваюць так званае кліпавае мысленне. Яно ўяўляе сабой не звязаныя паміж сабой, фрагментарныя і вырваныя з кантэксту звесткі. Гэтая інфармацыя нагадвае сабой кліпы, неўпарадкаваныя абрыўкі нейкіх вобразаў. Да гэтага віртуальнага гармідару секулярных уяўленняў аб хрысціянстве дадаецца практычны вопыт рэальнага кантакту з вернікамі. Так паўстае стэрэатып, трывалае ўяўленне аб тым, хто такі “хрысціянін”, “веруючы”, “католік”. Калі секулярызаваная асоба сустракаецца ў практыцы з добрым і сапраўдным хрысціянінам, то ўзнікае магчымасць выпраўлення стэрэатыпаў. Аднак, калі вернік падае негатыўны прыклад, то ён яшчэ больш умацоўвае секулярызаваную асобу у найбольш адмоўных уяўленнях аб веры і Касцёле.

Нягледзячы на тое, які спосаб мыслення і стэрэатыпы маюць веруючыя і няверуючыя асобы, ім прыходзіцца сустракацца і жыць у адным грамадстве. Больш таго, гэтая праблема закранае цэлыя сем’і, дзе веруючым і няверуючым прыходзіцца неяк згаджацца на сумеснае жыццё. Узнікае відавочная патрэба калі не ва ўзаемаразуменні, то прынамсі ў нейкай талерантнасці, узаемнай цярпімасці. Для кожнага з бакоў – гэта балючы момант. У чым прыйдзецца саступіць і як адваяваць сабе межы дазволенага ў такой складанай супольнасці? Як павінен паводзіць сябе католік у такой сітуацыі?

Па-першае, варта знайсці ўсё тое, што нас яднае. Часта гэта будуць нейкія агульначалавечыя каштоўнасці, такія як як любоў, праўда, свабода, справядлівасць, міласэрнасць, павага. Пры гэтым нельга забываць, што хрысціянін і секулярная асоба вельмі часта зусім па-рознаму разумеюць гэтыя каштоўнасці. Таму варта лічыцца з тым, што мала заклікаць кагосьці быць справядлівым, але растлумачыць, як мы разумеем гэтую каштоўнасць. Таксама, калі няверуючая асоба чакае ад верніка любові, то варта задумацца, як яна яе разумее. Можна пазбегчы шматлікіх непатрэбных канфліктаў і непаразуменняў, калі пачаць размаўляць з іншай асобай пра тое, як мы разумеем сумеснае жыццё і тыя каштоўнасці, якімі кіруемся.

Другое, на што варта звярнуць увагу, гэта пазбяганне выразаў, якія “уключаюць” нейкі стэрэатып у свядомасці секулярнага суразмоўцы. Падобная праблема можа здарыцца з хрысціянскімі бацькамі, якія не ведаюць, чаму дзеці іх не разумеюць або не жадаюць размаўляць аб веры. У многіх выпадках прычынай можа быць тое, што дзіцё нахапалася секулярных стэрэатыпаў. У такім выпадку яно патрабуе вызвалення ад антыхрысціянскіх штампаў. Таму варта сучасным вернікам не спыняцца на ўжыванні хрысціянскага “жаргону” ў размовах з секулярызаванымі асобамі, але размаўляць на зразумелай ім мове, каб разбіць негатыўныя стэрэатыпы.

Пра сур’ёзнасць выклікаў, якія ставіць перад хрысціянамі секулярны свет, пастаянна нагадвае нам Папа Бэнэдыкт XVI. Святы Айцец у адным са сваіх апошніх выступленняў заклікаў вернікаў быць добрымі апалагетамі, гэта значыць абаронцамі веры. Гэтая абарона павінна асноўвацца не на агрэсіі, але на адважным і разумным дыялогу з сучасным светам. Перад вернікамі нашага часу стаіць вялікі выклік: паказаць секулярнаму чалавеку сапраўднае аблічча Хрыста і Касцёла. А адэкватна паказаць гэтае аблічча зможа толькі той, хто найперш сам для сябе адкрые прыгажосць жыцця з Богам у супольнасці Яго сыноў і дачок.








All the contents on this site are copyrighted ©.