2012-05-16 16:26:26

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт канфірмацыі – дар рады


RealAudioMP3 Мы працягваем размаўляць аб сакрамэнце канфірмацыі. Нагадаю, што ў мінулых праграмах мы пачалі разважанць аб дарах Святога Духа, якія вернікі атрымліваюць падчас яго. Мы ўжо пазнаёміліся з дарам боязі Божай, пабожнасці, умеласці, сёння я запрашаю працягнуць наша падарожжа і паразмаўляць аб дары рады, практычным і неабходным у штодзённым жыцці. У якіх сітуацыях нам неабходна рада? Канешне ў момант, калі мы стаім перад прыняццем якога-небудзь рашэння. Рада – гэта здольнасць выносіць неспасрэднае суджэнне, рабіць выбар у тых ці іншых сітуацыях. Дар рады неабходны для добрага кіравання ўласным жыццём і таму ён бесспрэчна з’яўляецца вельмі карысным.

Каб лепш зразумець, што такое рада, можна паглядзець на антыподы гэтага дара. Св. Філіп Нэры, казаў што супрацьлегласцю рады з’яўляецца сквапнасць. На першы погляд падаецца дзіўным: якая сувязь існуе паміж радай і сквапнасцю? Каб адказаць на гэта пытанне можна паглядзець на стан сённяшняга маладога пакалення. Многім яго прадстаўнікам жыццёва неабходна рада, з-за іх нерашучасці, якая выражаецца ў баязні зрабіць выбар у жыцці і пайсці тым, ці іншым шляхам. Часта, замест гэтага, маладыя людзі выбіраюць “камфорт нявыбару”. Што значыць выбіраць? Гэта азначае – быць здольным згубіць нешта, адмовіцца ад чагосці, каб атрымаць нешта іншае.

Нельга прыйсці ў пункт “А” не пакінуўшы пункту “Б”. Нельга быць двума асобамі адначасова. Хто такі скупы, сквапны чалавек? Гэта той, хто не жадае нічога губляць. Хто накаплівае свае багацці і баіцца перамен звязаных са згубай камфорту. Відавочна, што супрацьлегласцю дару рады з’яўляецца няздольнасць адмаўляцца ад чагосьці, губляць нешта.

Часта мы маем ў сваім жыцці настолькі вялікі багаж, настолькі шмат усяго, да чаго прывязваемся, што не можам адрозніваць тое, што патрэбна, ад таго, што непатрэбна. Прывядзём яшчэ адзін прыклад. Жыццё гэта падарожжа. Добрыя падарожнікі адрозніваюцца ад кепскіх па памерах багажу. Калі хтосьці не ўмее падарожнічаць, ён возіць з сабой рэчы абсалютна непатрэбныя. І наадварот, той, хто падарожнічаць умее – мае толькі самае неабходнае – яго багаж зручны, карысны і не цяжкі. Часта, напрыклад у пілігрымцы, можна убачыць, што людзі якія набралі з сабой шмат рэчаў у першы дзень, на наступны пакідаюць іх вялікую колькасць у машыне і бяруць у дарогу толькі самае неабходнае. Так і ў нашым жыцці: неабходна зразумець, што зручней без непатрэбнага, што неабходна выбіраць, пакідаць рэчы, якія нам ніколі не спатрэбяцца. Сакрэт шчаслівай беднасці св. Францішка з Асізі не заключаўся ў пагардзе да грашэй і даброт, але ў пошуку сапраўднай свабоды ад іх. Калі мы чымсьці абцяжараны – мы не свабодныя.

У нашым жыцці часта даводзіцца разважаць над вырашэннем той, ці іншай сітуацыі. Цудоўнай дапамогай у гэтым можа быць міласціна – неабходна спыніцца і падзяліцца чымсьці з іншым. Ахвяра дае нам магчымасць убачыць, што ад рэчаў можна адмаўляцца, што не ўсё з’яўляецца тэрмінова неабходным. Мы можам убачыць, што на самой справе ў нашым жыцці непатрэбна шмат, каб быць шчаслівым і свабодным.

Дар рады звязаны са здольнасцю адмаўляцца, быць гатовым згубіць нешта, каб атрымаць магчымасць выбіраць тое, што па-сапраўднаму карыснае і неабходнае. Каб не змарнаваць гэты дар неабходна разважаць у цішыні, чуць голас свой і Бога, мець пакору, практыкаваць міласціну і пытацца ў самаго сябе: што я павінен пакінуць, каб быць свабодным? Нерашучым людзям, тым хто жыве стабільна і не перажывае пажаданых шчаслівых перамен, можна параіць спытаць сябе – што я магу пакінуць, што стрымлівае мяне перад новымі даляглядамі? І з адвагай адмовіцца ад гэтага!








All the contents on this site are copyrighted ©.