2012-05-16 12:54:46

Першая ў “Facebook” гульня пра Хрыста


RealAudioMP3 Услед за папулярнай у “Facebook” гульнёй “Падарожжа Майсея”, амерыканская кампанія “Mountain View” выпусціла першую ў гэтай сацыяльнай сетцы відэа-гульню, заснаваную на жыцці Езуса. “Гэта гісторыя павінна быць перададзена за пасрэдніцтвам гульні”, - лічыць Брэнт Д’юсінг. На яго думку, сёння не існуе дастаткова гульняў, якія б неслі дабро, пазітыў і хрысціянскі пункт гледжання. Д’юсінг, заснавальнік і генеральны дырэктар кампаніі “Mountain View”, заявіў, што новая гульня “Падарожжа Езуса: Пасланне”, дасць людзям магчымасць пазнаёміцца з жыццём Хрыста, так бы мовіць, “з першых рук”.

Першая гульня кампаніі пра жыццё Майсей мела вялікі поспех і 2 млн. карыстальнікаў. “Зваротная сувязь сапраўды была фенаменальнай. Я думаю, што ёсць шмат людзей, якія адчуваюць сапраўдны голад таго, што нясе сабой наша гульня”, - паведаміў Д’юсінг. Ён спадзяецца, што новая гульня аб жыцці Езуса будзе несці Евангелле тым, хто не можа іншым чынам сустрэцца з ім. “Для многіх нашых гульцоў, гэта адзіны шанец пачуць Добрую Навіну”, - паведаміў дырэктар кампаніі-распрацоўшчыка.

Гульня пераносіць карыстальніка ў часы зямнога жыцця Езуса. Гулец збірае рэчы і гандлюе імі са сваімі сябрамі па “Facebook”, каб мець магчымасць пашырыць місію Хрыста. Гульня дазваляе карыстальніку гуляючы “звязацца з рэальнымі чалавечымі эмацыйнымі момантамі” і ўзаемадзейнічаць з Езусам асабіста. Карыстальнік “Facebook” мае магчымасць назіраць за публічным служэннем Хрыста і прымаць удзел у Яго місіі.

Хоць гульня бясплатная, існуе магчымасць набыць некаторыя матэрыялы. Сродкі ад гэтага будуць перададзены хрысціянскім некамерцыйным арганізацыям, якія займаюцца аказаннем дапамогі дзецям з бедных сямей па ўсім свеце.

Гульня даступна для карыстальнікаў на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды, на англійскай, іспанскай, французскай, нямецкай і партугальскай мовах.







All the contents on this site are copyrighted ©.