2012-05-15 17:15:17

Апостальская Сталіца: інцыдэнт з “Benetton” вычарпаны


RealAudioMP3 15 мая кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі заявіў аб завяршэнні працэсу, на якім разглядалася справа выкарыстання фірмай “Benetton” падчас яе рэкламнай кампаніі вобразу Бэнэдыкта ХVІ. Гаворка ідзе пра фотамантаж пацалунку пры прывітанні Папы і імама егіпецкага ўніверсітэта Аль-Азхар Ахмеда аль Таеба. У мінулую пятніцу, гаворыцца ў заяве, група “Benetton” у чарговы раз, цяпер публічна, прызнала віну за нанясенне абразы пачуццям вернікаў і асабіста Святому Айцу, таму, паводле прадстаўніка Святога Пасаду, варта падкрэсліць станоўчую развязку непрыемнага інцыдэнту. Кс. Ламбардзі нагадаў, што ў кастрычніку 2011 г., адразу пасля размяшчэння рэкламы ў цэнтры Рыма, Святы Пасад выступіў з пратэстам супраць выкарыстання выявы Святога Айца ў камерцыйных мэтах. Група “Benetton” адразу прызнала і перапрасіла за знявагу і зняла рэкламу, а зараз афіцыйна пацвердзіла, што павінна існаваць павага да выявы Папы. “Яна можа выкарыстоўвацца толькі з дазволу Святога Пасаду.”, - гаворыцца ў заяве.

Кс. Ламбардзі падкрэслівае, што Апостальская Сталіца не жадала атрымаць фінансавай кампенсацыі, але маральнай. Святы Пасад выкарыстаў сваё права абараніць годнасць вобразу Папы. Італьянскі езуіт падкрэсліў, што Апостальская Сталіца была б задаволена актам добрай волі з боку групы “Benetton” у выглядзе сродкаў для падтрымкі дабрачыннай дзейнасці Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.