2012-05-13 16:22:59

Бэнэдыкт XVI у Арэцца: пра крызіс і грамадскую актыўнасць хрысціян


RealAudioMP3 “Увага да бліжніх, ад старадаўніх часоў, натхняла Касцёл да канкрэтнай і салідарнай дзейнасці для тых, хто знаходзіцца ў патрэбе”, - нагадаў Бэнэдыкт XVI вернікам італьянскай Тасканы. 13 мая Пантыфік прыбыў у гэты рэгіён з Апостальскім візітам. Першым пунктам падарожжа Святога Айца стаў горад Арэццо. Тут Папу сустрэў прэм’ер-міністр Італіі Марыё Монці і тысячы вернікаў дыяцэзіі. Бэнэдыкту XVI былі перададзены ахвяраванні для дапамогі бедным і нацельны крыжык, зроблены мясцовымі ювелірамі, якія перажываюць цяжкі перыяд у сувязі з працяглым эканамічным крызісам. Каля 10.00 Святы Айцец узначаліў св. Імшу ў гарадскім парку “Іль Прато”. У ёй прынялі ўдзел каля 40 тыс. чалавек. У сваёй гаміліі Папа звярнуў увагу на прыклад жыцця св. Даната, апекуна Тасканы, жыццёвае сведчанне якога, паводле Пантыфіка, застаецца актуальным і сёння. “Ён быў адважным евангелізатарам, які жадаў, каб усе вызваліліся ад язычніцкіх звычаяў і ў Божым Слове знайшлі сілу для сцвярджэння годнасці кожнай асобы і сапраўднага сэнсу праўды”, - сказаў Бэнэдыкт XVI і дадаў, што прыклад дзейнасці св. Даната з’яўляецца ўзорам міратворчай місіі, якую выконвае Касцёл ў грамадстве дзеля супольнага дабра.

“Увесь Касцёл, усе мы пакліканы, каб несці Евангелле і збаўленне ў свет. Але ініцыятыва заўсёды паходзіць ад Бога, які кліча да шматлікіх відаў службы, каб кожны з нас зрабіў свой уклад дзеля агульнага дабра. Мы пакліканы да святарскага служэння, да кансэкраванага, сужэнскага жыцця, дзейнасці ў свеце. Ад усіх нас патрабуецца са шчырасцю адказаць Пану, узяўшы за фундамент Яго слова, якое нас супакойвае: “Не вы выбралі мяне, але я выбраў вас”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік заклікаў вернікаў быць хрысціянамі актыўнымі ў грамадскім жыцці, і сведчаннем аб сваіх каштоўнасцях перамяняць грамадства. “Гэта зямля, дзе нарадзіліся вялікія асобы эпохі Адраджэння, ад Петраркі да Васары, заграла важную ролю ў замацаванні такога разумення чалавека, якое паўплывала на ўсю гісторыю Еўропы, звяртаючы ўвагу на хрысціянскія каштоўнасці”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа закрануў таксама грамадскія праблемы, звязаныя з працяглым эканамічным крызісам. “Маштаб праблем ускладняе адшуканне найбольш хуткіх і эфектыўных рашэнняў для выхаду з інсуючай сітуацыі, якая асабліва моцна б’е па самым слабым і вельмі турбуе моладзь. Увага да бліжніх ад старадаўніх часоў натхняла Касцёл да канкрэтнай і салідарнай дзейнасці для тых, хто ў патрэбе, да дзялення рэсурсамі, спрыяння больш глыбокаму стылю жыцця, супрацьстаяння павярхоўнай культуры, якая прывабіла многіх і выклікала глыбокі духоўны крызіс”, - адзначыў Святы Айцец.

Пасля св. Імшы, перад малітвай “Regina Caeli”, Бэнэдыкт XVI звярнуўся да вернікаў з заклікам шукаць падтрымкі ў Маці Божай Суцяшэння, цудатворны абраз якой захоўваецца ў катэдральным касцёле Арэццо.

“Як Маці Касцёла, Найсвяцейшая Панна Марыя хоча заўсёды суцяшаць сваіх дзяцей у моманты цяжкасцяў і пакут. Гэты горад шмат разоў адчуваў яе матчыну дапамогу. Таксама і сёння, даверым яе заступніцтву усіх людзей і сем’і вашай супольнасці, якія знаходзяцца ў асабліва складаных сітуацыях”, - сказаў Папа. Пантыфік заклікаў маліцца, каб жыхары Арэццо, усталі на шлях духоўнага і маральнага аднаўлення – “адзіны, які вядзе да паляпшэння грамадскага жыцця”.







All the contents on this site are copyrighted ©.