2012-05-12 12:33:59

Бэнэдыкт XVI засноўвае Ардынарыят для былых англікан у Аўстраліі


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI жадае працягваць пашырэнне новай каталіцкай структуры, створанай для былых англікан, засноўваючы Персанальны ардынарыят у Аўстраліі 15 чэрвеня.”Упэўнены, што былыя англікане, што здзейснілі падарожжа ў веры, якое прывяло іх да Каталіцкага Касцёла, будуць у ім сардэчна вітаныя”, - сказаў арцыбіскуп Мельбурна Дэніс Харт, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Аўстраліі. Новая структура для ангікан кантынента будзе называцца Ардынарыят Маці Божай Паўднёвага Крыжа; яго апекуном стане св. Аўгустын Кентэрберыйскі. Ардынарыят прызначаны для англікан і былых англікан, якія жадаюць уступіць у поўныя зносіны з Каталіцкім Касцёлам, захоўваючы пры гэтым некаторыя звычаі і літургічныя традыцыі. 11 мая аўстралійскія біскупы абвясцілі аб увядзенні ў дзеянне працэдур, якія дапамогуць англіканскім святарам і вернікам далучыцца да Каталіцкага Касцёла праз Ардынарыят.

Трэба нагадаць, што падобныя структуры ўжо існуюць у Вялікабрытаніі і ЗША: Ардынарыят Маці Божай Уолсінгемскай быў створаны ў 2011 г., а Ардынарыят у Злучаных Штатах, на пачатку 2012 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.