Кардынал Ратцынгер прасіў Яна Паўла ІІ зрабіць яго дырэктарам Ватыканскай бібліятэкі
Кардынал Рафаэле Фарына,
дырэктар Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі ў інтэрв’ю італьянскаму выданню “30 giorni”
(30 дзён) паведаміў, што праз два гады стануць даступнымі дакументы, звязаныя з пантыфікатам
Пія ХІІ. Іерарх адзначыў, што да сярэдзіны ХХ ст. найбольшае зацікаўленне навукоўцаў
выклікалі матэрыялы эпохі сярэднявечча. Пачынаючы ж з сярэдзіны ХХ ст., асабліва ў
апошнія дзесяцігоддзі, карыстальнікі архіваў вельмі цікавяцца сучаснасцю.
Дырэктар
Апостальскай Бібліятэкі закрануў тэму Ватыканскага сакрэтнага архіву. Ён нагадаў,
што ўстанова існуе ўжо 400 гадоў і ў ёй захоўваюцца матэрыялы з дзейнасці Каталіцкага
Касцёла за апошнія 12 стагоддзяў. Слова “сакрэтны”, якое азначае “прыватны”, часта
памылкова прадстаўляецца як “таямнічы” і “змрочны”, што, як падкрэсліў ватыканскі
іерарх, не адпавядае рэчаіснасці.
Кардынал Фарына паведаміў цікавы факт. Аказваецца,
калі кардынал Ёзэф Ратцынгер быў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, неаднаразова прасіў
Яна Паўла ІІ прызначыць яго Кардыналам-бібліятэкарам, і некаторы час быў нават перакананы,
што гэта будзе яго будучая пасада. “Аднак, выйшла па-іншаму, і ў Бібліятэку ён прыйшоў
як Папа”, - заключыў кардынал Фарына.