2012-05-10 11:36:56

Ватыканскі іерарх: над з’яўленнем грэка-каталіцкай іерархіі ў Беларусі – трэба думаць


RealAudioMP3 10 мая завяршыўся візіт у Беларусь арцыбіскупа Кірыла Васіля – сакратара Кангрэгацыіі па справах Усходніх Касцёлаў. Ватыканскі іерарх правёў на Беларускай зямлі 4 дні, сустракаўся з каталіцкім духавенствам абодвух абрадаў, маліўся за ахвяр Другой Сусветнай вайны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”, пазнаёміўся з жыццём грэка-каталіцкіх супольнасцяў, судзіць аб якім можна з двух бакоў: у адносінах да знешняй структуры – а гэта наяўнасць касцёлаў, інстытутаў і ўстаноў – Грэка-каталіцкая Царква ў Беларусі вельмі слабая. Але ўразіла іерарха духоўнае жыццё – як паведаміў на прэс-канференцыі сам арцыбіскуп Васіль. “Другі ўзровень жыцця Касцёла – гэта ўзровень жыцця веры, жыцця ў сям’і, жыцця ў сумленні, жыцця асабістага перажывання веры. І на гэтым узроўні Касцёл у Беларусі зрабіў вельмі вялікі крок наперад, бо гэта Касцёл, які адрадзіўся з попелу. (...) Гэта цуд, што пасля доўгага часу пераследу, адбываецца аднаўленне Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Гэта знак таго, што Касцёл жывы. Таксама на ўзроўні сацыяльнага жыцця трэба дадаць, што Касцёл разглядаюць як партнёра і гэта вельмі пазітыўна”, - адзначыў ватыканскі іерарх.

На пытанне аб з’яўленні іерархічных структур у беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве, арцыбіскуп Васіль адказаў, што над гэтым трэба думаць, хоць рашэнне і не знаходзіцца ў прамой кампетэнцыі Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў. Пытанне будзе абмяркоўвацца з Дзяржсакратарыятам Апостальскай Сталіцы, Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінстсву, з каталіцкімі іерархамі Беларусі і Апостальскім нунцыем.
На канференцыі для святароў, прысвечанай ролі Усходніх Цэркваў у Сусветным Касцёле, ватыканскі іерарх шмат казаў пра адносіны паміж канфесіямі – Кангрэгацыя надае вялікую ўвагу гэтаму пытанню.

Арцыбіскуп Васіль адзначыў, што экуменізм не павінен быць фармальным, на паперы ці ў афіцыйных сустрэчах, трэба перанесці яго ў сваё штодзённае жыццё праз любоў да кожнага чалавека. Такі быў матыў сустрэчы арцыбіскупа з кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, якая адбылася перад самым ад’ездам ватыканскага іерарха.







All the contents on this site are copyrighted ©.