2012-05-09 16:51:20

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт канфірмацыі – умеласць


RealAudioMP3 Мы працягваем размаўляць аб сакрамэнце канфірамацыі. Нагадаю, што у мінулых праграмах мы пачалі разважанне аб дарах Святога Духа. Ён з’яўляецца галоўнай дзеючай асобай сакрамэнту канфірмацыі, які таксама называецца бежмаваннем. Мы пачалі знаёмства з дарамі Святога Духа ў адваротным парадку, паводле таго, як яны прадстаўлены ў Бібліі: напачатку мы паразмаўлялі аб дары боязі Божай, затым разважалі над дарам пабожнасці, а сёння я запрашаю вас пазнаёміцца з наступным дарам – дарам умеласці.

Кажучы аб умеласці, варта адзначыць, што гаворка ідзе не аб звыклым для нас значэнні гэтага слова. Дар умеласці не ўяўляе сабой перадачу пэўных тэхнічных навыкаў чалавеку. Што ж тады?

Сакрамэнт канфірмацыі з’яўляецца актам дзейнасці Святога Духа, гэта значыць, што плёны гэтай дзейнасці з’яўляюцца звышнатуральнымі. Святы Дух дорыць нам не проста здольнасць выкарыстоўваць рэчы, але разумець іх, дае здольнасць зазірнуць у таямніцу рэчаў – пазнаць іх мэту.

Калі чалавек не зразумее мэты якой-небудзь рэчы, ён не будзе выкарыстоўваць яе добра, і тут не дапамогуць ніякія нашы тэхнічныя і механічныя сродкі. Гэта адносіцца таксама і да нас саміх – калі не разумею маёй уласнай мэты – “выкарыстоўваю” сябе кепска. Калі ў маім жыцці не бачу мэты – таксама “выкарыстоўваю” яго кепска. Часта нам здаецца, што для таго каб зразумець сэнс тых ці іншых рэчаў дастаткова проста паглядзець на іх. Але гэта не так. У жыцці сапраўдным з’яўляецца далёка не ўсё, што відавочнае, што нам падаецца або ўяўляецца рэчаіснасцю.

Дар умеласці абуджае у нас здольнасць бачыць глыбіню – бачыць, што ўсе рэчы маюць недзе свой пачатак, паходжанне, служаць для той ці іншай мэты.

Каб зразумець, сэнс гэтага дару непасрэдна ў адносінах да нашага жыцця, прапаную паглядзець на прыклад аднаго святога – св. Філіппа Нэры, італьянскага святара, які жыў у Рыме ў XVI ст. Ён супрацьпастаўляў дару умеласці грэх хцівасці, прагавітасці. На першы погляд гэта падаецца дзіўным. Але давайце паспрабуем разабрацца – што такое хцівасць? Звычайна гэта паняцце адносяць да сферы сексуальнасці, але на самой справе яно мае нашмат больш шырокае значэнне. Хцівасць звязана з павярхоўнасцю. Яна азначае, няздольнасць разумець тое, што нам сапраўды неабходна. Няздольнасць адносіцца да рэчаў згодна з іх сапраўдным прызначэннем. Хцівы чалавек бачыць у бліжнім, не тое, чым ён з’яляецца, але толькі мэту, прыладу – ён бачыць іншага чалавека паводле ўласнага жадання. Хцівы выкарыстоўвае людзей і не бачыць іх таямніцы, глыбіні, унутранага свету, сапраўднага прызначэння. Хцівы інструменталізуе ўсё навокал для сябе, не можа выйсці за рамкі відавочнага.

Дар умеласці наадварот – робіць нас здольнымі бачыць глыбіню і таямніцу. Адкрывае нам схаваную годнасць рэчаў. Напрыклад у адносінах з людзьмі: дар умеласці дазваляе бачыць глыбокае значэнне сяброўства, бацькоўства, любові, сужэнства. Ён дазваляе нам пачынаць глыбокія, грунтоўныя, сапраўдныя адносіны з іншымі, у той час як хцівасць забірае ў нас гэту здольнасць, пакідае нас на узроўні павярхоўнасці.

Дар умеласці дае нам здольнасць ведання, што ўнутры кожнай рэчы ёсць нешта нябачнае, цудоўнае, недатыкальнае – тое, што з’яўляецца годным нашага жыцця, любові, дару.

Дар умеласці сыходзіць ад Святога Духа падчас сакрамэнту канфірмацыі. Але як яго не згубіць, не змарнаваць у сваім жыцці? Па-першае неабходна памятаць, што рэчы і людзі вакол нас можна згубіць у адзін момант. Трэба памятаць аб часовасці рэчаў і выкарыстоўваць унікальныя магчымасці, якія ўзнікаюць у жыцці: казаць патрэбныя словы, удзяляць увагу і г.д.

Па-другое, неабходна бачыць рэчы ў адносінах да Бога, шукаць Бога ў таямніцы тых ці іншых здарэнняў і людзей. Па-трэццяе не ісці за агульна пануючымі меркаваннямі. Калі аб нечым гавораць усе навокал – то гэта ўжо не таямніца, а рэчы зеншнія, павярхоўныя. Напрыклад нам часта кажуць аб сакрэтах шчаслівага жыцця – але сакрэты не знаходзяцца на вуснах у кожнага. Сакрэты адкрываюцца дзякуючы асабістым адносінам з Богам. Мы павінны жыць тым, што ніхто не можа убачыць, тым, што св. Мацвей называе “закрытым пакоем”, у якім хрысціяне размаўляюць з Богам. І толькі такім чынам дар умеласці будзе ў нас узрастаць.








All the contents on this site are copyrighted ©.