2012-05-08 12:06:15

Ватыканскі іерарх наведае Хатынь


RealAudioMP3 У Беларусі з візітам знаходзіцца высокі прадстаўнік Апостальскай Сталіцы – арцыбіскуп Кірыл Васіль. Іерарх з’яўляецца сакратаром Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў – па сутнасці другі чалавек у гэтай установе. Арцыбіскупа Кірыла запрасілі Міністэрства замежных спраў і грэка-каталіцкая супольнасць Беларусі. Учора вечарам вернікі і духавенства сустрэлі высокага госця ў мінскай парафіі св. Язэпа. Каб прывітаць усіх, іерарху нават перакладчык не спатрэбіўся – ён добра ведае рускую мову. “Гэта для мяне першая магчымасць наведаць Беларусь, наведаць Каталіцкі Касцёл, які жыве тут у двух абрадах – заходнім і ўсходнім. Гэта мае першыя моманты, першыя гадзіны ў Беларусі, я вельмі рады гэтым сустрэчам”, - заявіў іерарх нашаму радыё.

У капліцы душпастырскага цэнтра св. Язэпа арцыбіскуп Васіль узначаліў малебен за горад Мінск. У ім прынялі ўдзел таксама Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. Асаблівую ўвагу Кангрэгацыя па справах Усходніх Цэркваў надае развіццю экуменічнага дыялога. Таму акрамя каталіцкага духавенства, падчас свайго візіту ў Беларусь, ватыканскі іерарх сустрэнецца з кіраўніком Беларуская Праваслаўнай Царвы – Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам. Але галоўнае ўсё ж – супольная малітва з вернікамі, адзначыў апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

“Нашым першым іерархам пасля Папы з’яўляецца кардынал Леанарда Сандры – прэфект Кангрэгацыі, а яго намеснік – Уладыка Кірыл, і гэта вельмі важна. А для вернікаў – гэта духоўны вопыт, але духоўны вопыт, які ўпісваецца ў вопыт нашага жыцця, нашай гісторыі, сучаснасці і будучыні”, - падкрэсдіў архімандрыт.

Сёння арцыбіскуп Кірыл у Слоніме ўзначаліў акафіст перад іконай Жыровіцкай Маці Божай – напярэданні, 7 мая, тут адзначылі дзень памяці гэтай святыні. Потым іерарх адправіўся ў Івацэвічы, каб цэлебраваць памінальную літургію. У 1942 г. фашысцкія карацелі спалілі жыхароў некалькіх вёсак у парафіі Баброўнікі, арыштавалі грэка-каталіцкага экзарха Антона Неманцэвіча, які потым прыняў мучаніцкую смерць у турме. Заўтра, 9 мая, арцыбіскуп Васіль прыме ўдзел у малебне ў Хатыні за ахвяр ІІ Сусветнай вайны.







All the contents on this site are copyrighted ©.