2012-05-07 12:39:52

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Евангелізацыя, як адказ на агрэсіўны секулярызм


RealAudioMP3 Як неаднаразова мы заўважалі на нашых папярэдніх сустрэчах, секулярны праект стварэння грамадства без Касцёла і рэлігіі бярэ свой пачатак у XVIII стагоддзі, у часах так званай французскай асветы. Наступныя стагоддзі сталі перыядам паступовай рэалізацыі гэтага праекта.

Многія тагачасныя мысліцелі і палітыкі пачалі верыць у тое, што лібералізм – свавольнасць – дапаможа пабудаваць шчаслівае грамадства, у якім чалавек нічым не будзе абмежаваны. Ярлык зла павесілі на ўсё, што абмяжоўвала імкненне чалавека да свабоды. І ў першую чаргу лібералам заміналі рэлігійныя і маральныя нормы. План пабудовы свавольнага грамадства стаў планам барацьбы з рэлігіяй, выцясненнем яе з публічнай сферы. Гэта ў сваю чаргу паглыбляла маральнае разбэшчванне насельніцтва. Нягледзячы ні на што, зацятыя ідэолагі секулярызму шчыравалі на ніве стварэння як найбольш чорных міфаў аб хрысціянстве і ў прыватнасці аб Каталіцкім Касцёле. Рабілася ўсё для таго, каб выцясніць веруючыя і духоўныя асобы з публічнага жыцця шляхам секулярызацыі хрысціянаў, ачарнення і высмейвання ўсяго святога.

У канцы XX ст. некаторыя ліберальныя грамадствы дайшлі да абсурду. Атэісты і ідэолагі секулярызму не пераставалі бічаваць выцесненыя там на ўзбочыну жыцця праявы рэлігійнасці. Архітэктары свету без Бога пачалі выкарыстоўваць міф аб фанатыках і радыкалах, пужаючы людзей рэлігійным фундаменталізмам. А ў той самы час у нібыта цывілізаваных і вольных хрысціянскіх краінах пад лозунгамі лібералізма распачаўся сапраўдны пераслед вызнаўцаў Хрыста за найдрабнейшыя публічныя праяўленні веры ці маралі. Тыя, хто пужаў заходні свет прывідамі рэлігійных радыкалаў, пачалі паводзіць сябе як сапраўдныя атэістычныя фундаменталісты.

Сёння ў імя свабоды ідэолагі агрэсіўнага лібералізму не спыняюцца ні перад чым у дыскрымінацыі вернікаў. Дастаткова ўзгадаць хаця б тое, як секулярныя ўлады змушаюць фармацэўтаў прадаваць абартыўныя прэпараты, а хрысціянскіх медыкаў - забівання ненароджаных дзяцей, караюць цэлыя парафіі за нежаданне падпарадкоўвацца палітыцы, прапагандуючай сэксуальныя вычварэнствы, закрываюць каталіцкія сродкі масавай камунікацыі, забараняюць вернікам насіць пры сабе нават найдрабнейшыя знакі прыналежнасці да Хрыста.

Папа Бэнэдыкт XVI, заклапочаны станам вызнаўцаў Езуса ў секулярных грамадствах, не перастае перасцерагаць свет перад катастрафічнымі наступствамі “агрэсіўнага лібералізма”. Здаецца сёння, на пачатку XXI стагоддзя, пасля ліхалеццяў таталітарнага савецкага атэізма і нішчэння за веру мільёнаў людзей, свет павінен назаўсёды адмовіцца ад нялюдзкага і тупіковага шляху барацьбы з рэлігіяй. Бязбожная палітыка XX стагоддзя была відавочнай памылкай. Аднак паводзіны многіх сучасных грамадскіх дзеячаў у секулярных грамадствах Еўропы сведчаць аб тым, што крывавы ўрок мінулага стагоддзя так і не быў зразуметы.

Паводле некаторых даследчыкаў, агрэсія сучасных змагароў за секулярнае грамадства звязаная з тым, што яны баяцца вяртання рэлігіі ў публічную сферу. Папулярныя ў свецкім асяроддзі мысліцелі, такія як Фукуяма ці Доўкінс, яшчэ ў канцы XX ст. спяшалі абвясціць канец рэлігіі і надыход поўнай перамогі лібералізма. Аднак сталася адваротнае. Неспадзявана сфера духоўнасці, звышнатуральнасці пачала выходзіць на вядучыя месцы ў грамадскай свядомасці зсекулярызаваных еўрапейцаў. Вучоныя пачалі заўважаць працэс “вяртання сакрум” – пачуцця святасці. У той жа час, пустое месца ў свядомасці людзей (пасля выцяснення разумнай веры Касцёла) імкліва пачалі займаць розныя неарганізаваныя рэлігійныя і магічныя вераванні і секты. Дастаткова ўзгадаць рэлігійны рух нью-эйдж, небывалы росквіт самых адыёзных дэнамінацый. Акрамя гэтага нават закаранелых скептыкаў і перакананых секулярыстаў пачаў бянтэжыць від мільёнаў вернікаў, якія збіраліся на сустрэчы з Папам Янам Паўлам II або Бэнэдыктам XVI падчас іх апостальскіх пілігрымак па свеце.

Рэлігія вяртаецца ў публічнае жыццё. Здушаная патрэба Бога ў пакалечаных душах прабіваецца праз адкрытасць на кожнае праяўленне звышнатуральнасці і духоўнасці. Гэта становіцца для хрысціянаў заклікам да таго, каб перастаць жыць страхамі, але пачаць сведчыць аб сваёй веры з новай сілай. Папа Бэнэдыкт XVI не перастае заклікаць вернікаў усяго свету да руплівасці на ніве новай евангелізацыі. У спустошаных секулярызмам грамадствах пульсуе вялікае прагненне Жывога і Рэальнага Бога. Для кожнага католіка гэта шанец дапамагчы постсекулярнаму свету зноў знайсці калісьці страчанага Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.