Бэнэдыкт XVI да Швейцарскай гвардыі: будзьце моцныя ў веры і любіце Касцёл
7 мая Бэнэдыкт XVI
прыняў на аўдыенцыі рэкрутаў Швейцарскай гвардыі, а таксама членаў іх сем’яў. Аўдыенцыя
была прымеркавана да ўрачыстага прыняцця прысягі на вернасць Святому Айцу, якая адбылася
ўчора ў Ватыкане. Папа пажадаў новым гвардзейцам, за час прыбывання ў Рыме, “адчуць
вопыт паўсюднасці Касцёла, умацаваць і паглыбіць веру, асабліва ў моманты малітвы
і сустрэч”, якія будуць адбывацца падчас службы. “Функцыі, якія выконвае Швейцарская
гвардыя з’яўляюцца прамым служэннем Пантыфіку і Апостальскай Сталіцы”, - сказаў Папа
і адзначыў, што прыклад тых, хто вырашае прысвяціць некалькі гадоў жыцця службе Наступніку
св. Пятра і яго супрацоўнікам, з’яўляецца вельмі каштоўным. Акрамя таго, Святы Айцец
падкрэсліў, што служба ў Швейцарскай гвардыі не можа не характарызавацца моцнай каталіцкай
верай, вернасцю і любоўю да Касцёла Езуса Хрыста, старанасцю і настойлівасцю ў выкананні
маленькіх і вялікіх заданняў, адвагай і пакорай, альтруізмам і адкрытасцю. “Усе гэтыя
цноты павінны быць у вашых сэрцах калі вы будзеце ажыцяўляць ганаровае служэнне дзеля
бяспекі Ватыкана”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.
Пантыфік заклікаў гвардзейцаў быць
уважлівымі і ўзаемна дапамагаць адзін аднаму, вучыцца Божай любові праз малітву, слуханне
Божага Слова і жыць так, каб у цэнтры знаходзілася таямніца Эўхарыстыі. “Сакрэт эфектыўнасці
вашай працы ў Ватыкане, а таксама і ўсіх вашых іншых праектаў, перш за ўсё заключаецца
ў пастаяннай апоры на Хрыста”, - сказаў Папа.
Бэнэдыкт XVI звярнуўся да гвардзейцаў
з заклікам плённа выкарыстаць час прыбывання ў Рыме, для таго, каб узрастаць у сяброўстве
з Хрыстом, усё больш любіць Касцёл і ісці да мэты кожнага хрысціянскага жыцця: да
святасці.