2012-05-05 13:18:23

Бэнэдыкт XVI да амерыканскіх біскупаў: умацаваць адметную ідэнтычнасць каталіцкіх школ


RealAudioMP3 5 мая Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі групу біскупаў з ЗША, якія прыбылі ў Рым з нагоды візіта “ad limina apostolorum”. У сваёй прамове да іх Пантыфік звярнуў увагу на важнае значэнне каталіцкай адукуцыі для амерыканскага грамадства, асабліва ў справе новай евангелізацыі. Папа падкрэсліў неабходнасць “умацавання адметнай ідэнтычнасці” каталіцкіх школ і выкладання тэалагічных навук згодна з навучаннем Касцёла. Святы Айцец падкрэсліў, што адзінства паміж выкладчыкамі і пастырамі Касцёла з’яўляецца важным для сведчання, якое Касцёл дае для грамадства. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што “важным заданнем сапраўднай адукацыі на кожным узроўні з’яўляецца не толькі перадача веры”, але таксама “выхаванне сэрцаў”. Пантыфік адзначыў, што існуе пастаянная патрэба ў тым, каб ураўнаважыць інтэлектуальны запал у перадачы багацця веры Касцёла і навучанне моладзі любові Божай, практыцы хрысціянскай маралі і сакраментальнага жыцця, асабістай малітве і літургіі.

Папа звярнуў увагу на тое, што вельмі часта здаецца, што “каталіцкія школы і каледжы церпяць паразу” ў тым, што тычыцца навучання моладзі “увалодванню ўласнай верай”, як частцы інтэлектуальнага росту. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што многія студэнты сёння перасталі падтрымліваць сувязі з сям’ёй, школай і супольнасцямі, у якіх яны атрымлівалі знаёмства з верай. Такім чынам, паводле Пантыфіка неабходна стварыць новую сець падтрымкі, аказваць дапамогу студэнтам у пошуку гармоніі паміж верай і розумам. Папа падкрэсліў, што ў гэтай справе неабходна, каб выкладчыкі натхнялі іншых “сваёй відавочнай любоўю да Хрыста”.








All the contents on this site are copyrighted ©.