2012-05-05 12:53:14

Беларусь наведае сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў


RealAudioMP3 7-10 мая Беларусь наведае сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Кірыл Васіль. У праграме візіта іерарха сустрэчы з каталіцкімі біскупамі і вернікамі Беларусі, як лацінскага так і візантыйскага абраду. Акрамя таго арцыбіскуп Васіль сустрэнецца з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам. Запланавана таксама сустрэча з прадстаўніком свецкіх уладаў – намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, паслом Рэспублікі Беларусь пры Апостальскай Сталіцы Сяргеем Алейнікам. У дні калі Беларусь святкуе Дзень Перамогі і ўзгадвае шматлікіх ахвяраў вайны, Каталіцкі Касцёл адзначае 70-годдзе мучаніцкага подзьвігу жыхароў рэгіёнаў Палесся і Слонімшчыны, спалення нацыстамі вёсак грэка-каталіцкай парафіі Бабровічы і арышту Апостальскага Экзарха грэка-католікаў Беларусі Антона Неманчэвіча з Таварыства Езуса. Падчас свайго візіта арцыбіскуп Васіль памоліцца на месцах пакутніцтва знішчаных супольнасцей, паведамляе партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі catholic.by, са спасылкай на Апостальскую нунцыятуру ў Беларусі. Акрамя таго, адзначаецца, што іерарх правядзе ў Мінску канферэнцыю на тэму “Значэнне хрысціянскага Усходу для Паўсюднага Касцёла”.








All the contents on this site are copyrighted ©.