2012-05-04 14:15:43

Ватыкан: Міжнародны сімпозіўм па праблемах слепаты


RealAudioMP3 4 мая Святой Імшой у базіліцы св.Пятра пачаўся Міжнародны сімпозіўм па праблемах слепаты. Яго арганізавалі Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя і каталіцкі Фонд “Добры самаранін”. Тэмай двухдзённай сустрэчы сталі евангельскія словы:”Настаўнік, каб я зноў бачыў” (Мк., 10-51). Увага ўдзельнікаў мерапрыемства накіравана на пашырэнне прафілактычных мер для прадухілення страты функцыі так важнага органа пачуцця. У сустрэчы прымаюць удзел пастыры і навукоўцы з розных куткоў свету, у тым ліку і не-католікі.

У краінах на шляху развіцця па статыстыцы больш за 90% насельніцтва маюць парушэнні зроку, і толькі 5% дзяцей маюць тут доступ да карэцыйных акуляраў. Наогул у свеце 39 млн чалавек пакутуюць ад страты зроку. Прычым у 80 % выпадкаў няшчасце можна прадухіліць, калі своечасова аказаць духоўную і лячэбную дапамогу, прымяняючы акуляры, лекі ці аперыцыі, як, напрыклад, пры катаракце, якія ў індустрыяльных краінах ужо сталі “руціннымі”. На сустрэчы прадстаўлены прыстасаванні і выданні брайлеўскіх кніг, альбомаў і барэльефных пуцяводнікаў з гукавым афармленнем, гульняў для дзяцей.

4 мая для ўдзельнікаў мерапрыемства пройдзе музычны канцэрт у выкананні сляпых музыкантаў, сярод якіх – пробашч з італьянскай правінцыі Кампорэджано. 5 мая душпастыры і медработнікі працягнуць разглядаць тэалагічна-экзэгетычныя, сацыяльна-культурныя і навукова-практычныя аспекты дапамогі людзям з праблемамі зроку.








All the contents on this site are copyrighted ©.