2012-05-02 13:25:09

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі паразважаў аб малітве св. Стэфана


RealAudioMP3 Першаму хрысціянскаму мучаніку св. Стэфану, прысвяціў сваю катэхезу Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 2 мая на плошчы св. Пятра ў Рыме. Папа адзначыў, што ў момант яго мучаніцкай смерці, аб якой нам вядома дзякуючы Дзеям Апосталаў, адкрылася блізкая сувязь паміж Божым Словам і малітвай. Пантыфік нагадаў, што св. Стэфан, быў абвінавачаным судом сінэдрыёна ў тым, што казаў аб Езусе, які зруйнуе ерусалімскую святыню і “зменіць звычаі, якія перадаў Майсей”. У адказ св. Стэфан звярнуўся да суддзяў з прамовай, у якой тлумачыў прароцкія словы Хрыста, які сам з’яўляецца новай святыняй, пачаў новы культ, і замяніў, праз сваю крыжовую ахвяру, старажытныя ахвяраванні. “Ён пераказаў такім чынам усё біблійнае апавяданне, увесь шлях змешчаны ў Святым Пісанні, каб паказаць, што ён вядзе на “месца” канчатковай прысутнасці Бога, якім з’яўляецца Езус Хрыстус, а асабліва Яго мука, смерць і ўваскрасенне. У гэтай перспектыве Стэфан таксама бачыў, сэнс свайго быцця вучнем Езуса, наследуючы Яго аж да мучаніцтва.”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ў сваёй прамове св. Стэфан расказаў аб Абрагаме, які пакінуў сваю зямлю, Юзафе, прададзеным братамі і “такім чынам дайшоў да Майсея, які стаў прыладай Бога для вызвалення свайго народа, але таксама шмат разоў сустракаў адмаўленне з боку сваіх людзей”. “У гэтых падзеях апісаных у Святым Пісанні,(...) заўсёды праяўляецца Бог, які не стамляецца ісці насустрач чалавеку, нягледзячы на тое, што часта сустракаў адчайны супраціў. І гэта ў мінулым, цяпер і ў будучыні”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што св. Стэфан, разважаючы аб дзейнасці Бога ў гісторыі збаўлення, заўсёды ўзгадваў аб спакусах адкінуць Бога і яго дзейнасць, але адначасова сцвярджаў, што Езус – гэта той Справядлівы, аб якім казалі прарокі. “У Хрысце сам Бог стаў прысутны адзіным і галоўным чынам: Езус – гэта “месца” сапраўднага культа”, - сказаў Святы Айцец. Папа адзначыў, што Стэфан указаў судзям на Хрыста як на новую святыню ў якой жыве Бог, які узяў на сябе грахі чалавецтва, каб “спаліць у сваёй любові”.

“Жыццё і прамова Стэфана раптоўна абарваліся каменаваннем, але менавіта яго мучаніцтва з’яўляецца спаўненнем яго жыцця і паслання: ён стаў адным з Хрыстом”. Папа падкрэсліў, што апошнія словы Стэфана таксама гучалі ў гармоніі з апошнімі словамі Пана: ён даверыў сваю душу Богу і прасіў аб прабачэнні для сваіх забойцаў.

“Дарагія браты і сёстры, сведчанне св. Стэфана дае нам некаторыя парады для нашай малітвы і жыцця. Мы можам спытаць саміх сябе: адкуль гэты першы мучанік ўзяў сілы, неабходныя, каб адказваць тым, хто яго пераследваў і дайсці да дара самаго сябе? Адказ просты: ад яго адносін з Богам, яго адзінства з Хрыстом, разважання аб гісторыі збаўлення, бачання дзейнасці Бога, якая ў Езусе Хрысце дасягнула сваёй вышыні. Таксама і наша малітва павінна натхняцца слуханнем Божага Слова, у адзінстве з Езусам і Яго Касцёлам”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа адзначыў, што малітва вернікаў па прыкладу св. Стэфана таксама павінна быць сузіраннем Езуса, як Пана нашага штодзённага існавання. “У Ім таксама і мы, пад кіраўніцтвам Святога Духа, можам звяртацца да Бога, уступаць у рэальны кантакт з Ім, з даверам дзяцей, якія звяртаюцца да Айца, які іх любіць да бясконцасці”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.