2012-04-30 14:37:15

Любляна: сустрэча моладзі ў рамках “Пілігрымкі даверу па зямлі”


RealAudioMP3 28 красавіка - 1 мая ў сталіцы Славеніі Любляне праходзіць сустрэча моладзі, арганізаваная Супольнасцю Тэзэ ў супрацоўніцтве з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Славеніі. “Стаць знакам міру і прымірэння ў Касцёле і грамадстве”- адна з мэтаў сустрэчы. Форум адбываецца ў рамках “Пілігрымкі даверу па зямлі”, якая пачалася ў 1987 г. па ініцыятыве Супольнасці Тэзэ. У мерапрыемстве прымае ўдзел больш за 1200 чалавек ва ўзросце ад 17 да 35 гадоў з 22 двух краін Еўропы, у тым ліку і з Беларусі. “Яны прыбылі ў Любляну, каб адкрыць ў малітве і маўчанні прыгажосць ўнутранага жыцця і адзінства з Богам, каб шукаць сэнс жыцця, зразумець тое, як жыць верай сярод сённяшніх выклікаў, каб бачыць Касцёл у новым святле – як зачын адзінства ў чалавечай сям’і”, - падкрэсліваюць арганізатары сустрэчы.

Адзначаецца, што мэта сустрэчы моладзі ў Славеніі заключаецца ў тым, каб дапамагчы маладым людзям пазнаёміцца з прадстаўнікамі іншых народаў і іх традыцыямі на аснове асабістых кантактаў. Яны таксама адзначылі, што форум ў Любляне мае на мэце “даць надзею моладзі ў пабудове мірнай будучыні нягледзячы на бар’еры, якія аддзяляюць”. Кіраўнік Супольнасці Тэзэ, брат Алоіс паінфармаваў, што падчас мерапрыемства моладзь будзе сумесна маліцца, абмяркоўваць розныя грамадскія праблемы, духоўнае жыццё і мастацтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.