2012-04-30 14:50:28

Вялікабрытанія: прынята праграма па дапамозе распазнання паклікання


RealAudioMP3 Дапамагчы маладым людзям распазнаць сваё пакліканне – такая мэта спецыяльнай трохгадовай праграмы распрацаванай Біскупская Канферэнцыя Англіі і Уэльса. Натхненнем для праекта сталі словы Бэнэдыкта XVI скіраваныя да ўніверсітэтскай моладзі падчас яго Апостальскага візіта ў Вялікабрытанію ў 2010 г.: “Якімі людзьмі вы хочаце быць?”. Каб дапамагчы маладым людзям даць адказ на гэта пытанне, у парафіях будуць стварацца спецыяльныя групы і праводзіцца спецыяльнае духоўнае душпастрыства, мэта якога будзе заключацца ў тым, каб дапамагчы кожнаму маладому чалавеку знайсці сваё пакліканне. “Каталіцкі Касцёл ў Англіі і Уэльсе засяродзіцца над праблемамі моладзі, якую часта несправядліва крытыкуюць СМІ”, - сказаў арцыбіскуп Соўтваркскі Пітэр Сміт.

У пасяджэнні англійскага епіскапата ўпершыню прымаў удзел новапрызначаны Апостальскі Нунцый у Вялікабрытаніі арцыбіскуп Антоніо Меніні. У сваёй прамове скіраванай да іерархаў ён падкрэсліў неабходнасць вядзення дыялога з секулярызаваным светам, супрацоўніцтва з яўрэямі і мусульманамі ў сферы абароны жыцця і інстытута сужэнства. Нунцый заклікаў біскупаў падтрымаць дзейнасць Асабістага ардынарыята Маці Божай Уолсенгемскай, створанага ў 2011 г. Бэнэдыктам XVI для англікан, якія пажадалі перайсці ў лона Каталіцкага Касцёла.

Нунцый таксама адзначыў пазітыўную ролю, што выконвае каралева Вялікабрытаніі, якая адзначае сёлета 60-годдзе свайго знаходжання на троне. “Ва ўсім што яна робіць, асабліва ў пасланнях на Божае Нараджэнне, яна сведчыць аб хрысціянскай веры, якая яе натхняе”, - сказаў арцыбіскуп Меніні.








All the contents on this site are copyrighted ©.