"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага
абраду (VIII)
Тэма апошніх нашых
перадачаў - літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Сёньня я працягваю
распавядаць пра ютрань.
Я ў мінулай перадачы спыніўся на тым, што пасля чытаньня
Евангельля, сьвятар кладзе кнігу Евангельля на аналой для пакланеньня. У гэты ж час
сьпяваецца пасхальны сьпеў «Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова». Пасля гэта сьпеву распачынаецца
вельмі важная і складаная частка ютрані, якая называецца – канон.
Канон
ютрані
Слова «канон» (греч. Κανών), як вядома мае некалькі значэньняў.
Адно з тэалагічных значэньняў – гэта «прынцып дысцыпліны», нязменны збор законаў,
кананічнае права. Мова ідзе пра правілы Царквы, якія кіруюць нашымі паводзінамі, накладваюць
абмежаваньні і ўмовы (напрыклад яны могуць тычыцца ўдзеляньня таямніцаў (сакрамантаў)).
Таксама яны могуць акрэсліваць структуру Царквы, напрыклад, падзел на метраполііі,
дыяцэзіі, экзархаты і г.д.
Таксама слова канон можа ужывацца ў значэньні слова
правіла. Гаворым у Царкве, напрыклад, пра малітоўнае правіла. У візантыйскай літургіі
словам канон называюць паэтычныя ўтворы, які сьпяваюцца пад час ютрані ды павячэр'я
(камплеты). Гэтыя ўтворы ўзьнікаюць паступова, пачынаючы з VI i VII веку, канчатковую
ж форму прымаюць у X і XI стагодзьдзях.
Такім чынам канон ютрані ёсьць паэтычным
творам, які складаецца з дзесяці песень. Кожная песьня звычайна павінна быць папярэджанна
гімнам або г.зв. Біблійнай песьняй (кантыкам, паэтычным фрагментам Сьвятога Пісаньня).
У сучаснай практыцы біблійныя песьні сьпяваюцца толькі пад час Вялікага Посту. У іншыя
дні ўжываецца толькі адна біблійная песьня – сьпеў Багародзіцы (Magnificat) з прысьпевам:
Прысьпеў:
Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што,
захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Напачатку
ў гэтым месцы ютрані замест канонаў ўласна ўжываліся толькі біблійныя песьні. З цягам
часу іх паступова замянілі гімнаграфічнымі кампазіцыямі. З аднаго боку мы, канешне,
набылі цудоўныя літургічныя гімны, з другога, нажаль, перасталі на ютрані маліцца
біблійнымі песьнямі – тэкстамі Сьвятога Пісаньня.
Перад намі, хрысьціянамі
бізантыйскай традыцыі, напэўна ўзьнікае досыць актуальнае пытаньне, якое тычыцца дарэчы
ня толькі ютрані: як пагадзіць у літургіі сутачнага кола вялікую колькасьць біблійных
фрагментаў з ня меншай колькасьцю гімнаграфічнага матэрыяла?
Біблійныя песьні
Давайце
больш уважліва прыгледзімся да біблійных песен.
Песьня першая (Вых. 15: 1-19)
– гэта песьня Майсея, якую ён склаў пасля пераходу ізраільскага народу праз Чырвонае
мора. Прачытаю вам пачатак гэтай біблійнай песьні паводле перакладу на беларускую
мову а. Аляксандра Надсана:
Прысьпеў: Сьпявайма Госпаду, бо Ён уславіўся.
Каня
і вершніка Ён скінуў у мора. Памочнік і апякун мой стаўся маім збаўленьнем.
Ён – Бог мой, і я ўслаўлю Яго; Бог айца майго – і буду ўзьвялічваць Яго. Госпад
магутны ў вайне, Госпад – імя Яго.
Другая песьня (Паўт. Зак. 32:1-43) таксама
зьяўляецца гімнам Майсея, які ён прамовіў незадоўга перад сваёй сьмерцю на гары Абарым,
з якой ён глядзеў на абяцаную зямлю Ханаан. Трэцяя песьня (1 Сам. 2:1-10) – гэта
малітва Ганны, маці прарока Самуіла, якая нарадзіла дзіця, нягледзячы на тое, што
была бясплодная. Чацьвёртая песьня (Абак. 3:2-19) – гэта малітва прарока Авакума,
пятая песьня – малітва прарока Ісаі (Ісая 26:9-19). Шостая песьня (Ёна 2:1-7) зьўляецца
таксама пасхальнай песьняй і сьпяваецца на вячэрняй Вялікай Суботы. Ёсьць яна малітвай
прарока Ёны, калі той быў вызвалены з нутра рыбы, якая яго праглынула: «У бядзе маёй
я клікаў Госпада, і Ён адгукнуўся мне; з нутра апраметнай гукаў я, і Ты пачуў голас
мой». Песьні сёмая і восьмая знаходзяцца ў адным раздзеле Кнігі Прарока Даніэля
(Дан. 3:26-45; 3:52-90). Гэта песьні трох юнакоў у распаленай печы ў Валілоне, яны
сьпяваюцца таксама на вячэрні Вялікай Суботы:
Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа
айцоў нашых, слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі; Блаславёнае імя хвалы Тваей,
слаўнае і ўсяхвальнае на ўсе вякі. Блаславёны Ты ў сьвятыні хвалы Тваёй,
слаўны і ўсяхвальны на ўсе вякі.
Таксама:
Блаславіце Госпада,
ўсе творы Гасподнія, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. Блаславіце
Госпада, анёлы Гасподнія і нябёсы, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі. (...) Блаславіце
Госпада, духі і душы праведных, чыстыя і пакорлівыя сэрцам, сьпявайце і ўзьвялічвайце
Яго на ўсе вякі. Блаславіце Госпада, Ананьня, Азарыя і Місаіл, сьпявайце
і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі.
Дзевятая песьня зьяўляецца кампазіцыяй
двух евангелічных сьпеваў: гімну Багародзіцы (Magnificat), калі яна сустрэла Альжбэту
(Лк. 1:46-55) і сьпеву Захарыі (Benedictus), калі той, пасля нараджэньня сына свайго
– Яна, змог гаварыць (Лк. 1:68-79).