Бэнэдыкт XVI удзяліў святарскія пасвячэнні дзевяці дыяканам
29 красавіка Бэнэдыкт
XVI удзяліў святарскія пасвячэнні дзевяці дыяканам з Рымскай дыяцэзіі. Сярод іх былы
суддзя і адвакат, былы пілот самалёта і хімік, які расказаў, што “рэальнасць, у якой
ён жыў, была для яго вельмі вузкай”. Урачыстая літургія, падчас якой адбыліся іх святарскія
пасвячэнні, прайшла ў базыліцы св. Пятра. У сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў асаблівую
ўвагу на вобраз Езуса “Добрага пастыра”, аб якім ішла гаворка ў сённяшнім Евангеллі.
Папа падкрэсліў важнасць гэтага вобраза для правільнага разумення сутнасці святарства.
Святы Айцец адзначыў, што адной з галоўных характарыстык пастырскага служэння з’яўляецца
ахвяраванне ўласнага жыцця на падабенства Хрыста. “Біблійная фігура караля-пастыра,
якая ўключае у сябе заданне панаваць над народам Божым, трымаць яго ў адзінстве і
весці яго ... рэалізуецца ў асобе Езуса Хрыста ў ахвярным вымярэнні, у ахвяраванні
ўласнага жыцця”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.
“Святар – гэта той, хто асаблівым чынам
уключаны ў ахвярную таямніцу Хрыста, асабіста злучаны з Ім, для таго, каб працягваць
Яго збаўчую місію. Гэта лучнасць, якая з’яўляецца дзякуючы сакрамэнту святарства,
патрабуе таго, каб станавіцца “больш моцнай” праз шчыры адказ самаго святара”, - сказаў
Святы Айцец.
Папа адзначыў, таксама, што “святар пакліканы сам жыць тым, што
перажыў Езус – гэта значыць, цалкам прысвяціць сябе прапаведванню і аздараўленню чалавека
ад любых хваробаў цела і духа, і потым, напрыканцы, абагульніць усё гэта ў найвышэйшым
жэсту “аддання жыцця” за людзей, жэсту, які знаходзіць свой сакраментальны выраз ў
Эўхарыстыі, пастанным мемарыяле Пасхі Езуса”. “Толькі праз гэтыя “дзверы” пасхальнай
ахвяры, мужчыны і жанчыны ўсіх часоў і месцаў могуць увайсці ў вечнае жыццё; толькі
праз гэты “святы шлях” могуць здзейніць зыход, які прывядзе іх да “абяцанай зямлі”
сапраўднай праўды, да “зялёных пашаў” міра і радасці без межаў”, - сказаў Бэнэдыкт
XVI.