2012-04-29 12:57:48

Бэнэдыкт XVI падчас “Regina Caeli”: жыццё кожнага чалавека – гэта гісторыя любові (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “У Касцёле становіцца зразумелым, што жыццё кожнага чалавека – гэта гісторыя любові”, - сказаў Бэнэдыкт XVI шматлікім пілігрымам, якія сабраліся 29 красавіка на плошчы св. Пятра ў Рыме, каб разам са Святым Айцом памаліцца “Regina Caeli”. У кароткай прамове, скіраванай да вернікаў Пантыфік распавёў аб святарскіх пасвячэннях, якія ўдзяліў сёння раніцай у ватыканскай базыліцы. Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў убачыць у сваім жыцці праявы Божай любові і маліцца аб пакліканнях да святарства. “Дарагія браты і сёстры, - сказаў Папа – некалькі гадзін таму ў базыліцы св. Пятра, закончылася св. Імша падчас якой я ўдзяліў святарскія пасвячэнні дзевяці дыяканам з Рымскай дыяцэзіі. Падзякуем Богу за гэты дар, знак Яго вернай і прадбачлівай любові да Касцёла! Аб’яднаемся духоўна вакол гэтых новых святароў і памолімся каб ўпоўні прынялі ласку сакрамэнта, дзякуючы якому яны сталі падобныя на Езуса – Святара і Пастыра. Памолімся, каб усе маладыя людзі былі ўважлівымі да голаса Бога, які прамаўляе ўнутры іх сэрцаў і кліча адмовіцца ад ўсяго і служыць Яму. Гэтай мэце прысвечаны Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях. Сапраўды, Пан кліча заўсёды, але часта мы Яго не слухаем. Мы прывязаны да многіх рэчаў, да іншых, павярхоўных галасоў; акрамя таго, мы баімся слухаць голас Пана, бо думаем, што Ён можа забраць нашу свабоду. У сапраўднасці, кожны з нас з’яўляецца плодам любові: канешне, любові бацькоў, але больш глыбока, любові Бога. Біблія кажа: калі нават твая маці цябе забудзе, я не забуду цябе, бо ведаю цябе і люблю (пар Іс 49,15). У момант калі зразумею гэта, маё жыццё зменіцца: яно стане адказам на гэту любоў, большую за любую рэч, і так цалкам рэалізуецца мая свабода.

Маладыя людзі, якім я сёння ўдзяліў святарскае пасвячэнне не адрозніваюцца ад іншых маладых людзей, але яны былі глыбока крануты прыгажосцю любові Божай, і не маглі зрабіць менш, чым адказаць Яму ўсім сваім жыццём. Як яны сустрэлі Божую любоў? Яны сустрэлі яе ў Езусе Хрысце: у Яго Евангеллі, у Эўхарыстыі і супольнасці Касцёла. У Касцёле становіцца зразумелым, што жыццё кожнага чалавека – гэта гісторыя любові. Гэта ясна паказвае Святое Пісанне, і падцвярджаюць сведчанні святых. Прыкладам можа быць выраз св. Аўгустына, які ў сваёй “Споведзі” звяртаўся да Бога кажучы: “Позна я цябе палюбіў, прыгажосць, такая старажытная і новая, позная я цябе палюбіў! Ты быў унунтры мяне, а я звонку... Ты быў са мной, а я не быў з Табой... Але ты мяне клікаў і твой вокліч перамог маю глухату” (X, 27.38).

Дарагія сябры, памолімся за Касцёл, за кожную мясцовую супольнасць, каб стала як дагледжаны сад ў якім могуць заквітнець і ўзрастаць усе зерні пакліканняў, якія Бог сее ў дастатку. Памолімся, каб паўсюль клапаціліся аб гэтым садзе і ў радасці адчувалі сябе пакліканымі, у адметнасці дароў. Асабліва, каб сем’і сталі першымі асяродкамі ў якіх “дышала” любоў Бога, якая дае ўнутраную сілу таксама праз цяжкасці і жыццёвыя выпрабаванні. Хто адчувае ў сям’і любоў Бога, атрымлівае незаменны дар, які, у свой час прынясе плёны. Даверым гэта ўсё Найсвяцейшай Панне Марыі, прыкладу свабоднага і пакорнага прыняцця Божага паклікання, Маці кожнага паклікання ў Касцёле.

Пасля малітвы “Regina Caeli” Бэнэдыкт XVI прывітаў шматлікіх пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з нагоды беатыфікацыі Слугі Божага Джузэппэ Таньёла. Папа расказаў, што новы благаслаўлёны жыў на мяжы ХІХ-ХХ ст., быў бацькам сямі дзяцей, універсітэтскім выкладчыкам, выхавацелем моладзі, эканамістам і сацыолагам, нястрымным слугой адзінства Касцёла. “Яго пасланне мае вялікую актуальнасць, асабліва ў наш час: благаслаўлёны Таньёла, паказвае нам шлях на якім прыярытэтнымі з’яўляюцца чалавек і салідарнасць”, - сказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.