2012-04-27 13:20:20

“L’Osservatore Romano” аб сталінскіх злачынствах


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” прысвяціла цэлую паласу неабходнасці захавання народамі сваёй гістарычнай памяці і праўдзівага погляду на мінулае дзеля таго, каб быць глыбока ўкаранёнымі ў рэальнасці і з надзеяй глядзець у будучыню. У артыкуле пад назвай “У пошуку крытычнай памяці”, адзначаецца, што ў сучаснай Расіі, пасля падзення камуністычнага рэжыму, не адбылося “яснага і рашучага асуджэння савецкага перыяду”, што стала перашкодай для разумення сучаснасці і будучыні. Падкрэсліваецца, што “гістарычная амнэзія” у Расіі існавала з 1917 г., і з цягам часу набыла характар прызвычаення. Акрамя таго, звяртаецца ўвага, што ў Савецкім Саюзе існавала “дэманізацыя” сувязі з мінулым, ці наадварот, “рэінтэрпрытацыя” некаторых падзей ў ключы дамінуючай ідэалогіі, як напрыклад перагляд асобы цара Івана Грознага ў сталінскі перыяд. Ватыканскае выданне адзначае, што расійскі дысідэнт Аляксандр Салжэніцын зразумеў, што “бальшавісцкая дыктатура мела сярод сваіх галоўных мэтаў разбурэнне самасвядомасці народа і такім чынам яго здольнасці да супраціву”.

У іншым артыкуле, пад назвай “Архіў тэрора”, “L’Osservatore Romano” паведамляе аб выданні ў Італіі фотаальбома “Жыццё ў адным позірку. Ахвяры вялікага сталінскага тэрора”. У ім прадстаўлены здымкі людзей, асуджаных камуністычнымі ўладамі на смяротнае пакаранне. Яны рабіліся ў маскоўскіх турмах, для ідэнтыфікацыі асуджаных перад растрэлам.

Аўтар выдання, італьянская даследчыца Лучэтта Скарафія, адзначае, што абліччы людзей, якіх хацелі выкрэсліць з гісторыі, сёння з’яўляюцца для нас напамінам аб яе трагічных старонках. “Памяць можа служыць як сродак супраць зла, не толькі працягваючы ўспаміны, але менавіта перашкаджаючы таму, каб яно калі-небудзь зноў паўтарылася”, - адзначае даследчыца на старонках ватыканскага выдання.








All the contents on this site are copyrighted ©.