2012-04-27 15:53:40

Кардынал Бэртонэ: свецкія – энтузіясты евангелізацыі ў трэццім тысячагоддзі


RealAudioMP3 Кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ прывітаў удзельнікаў семінара пад назвай “У школе Джузэппэ Таньёла”, які праходзіць 27-29 красавіка ў Рыме па ініцыятыве Папскіх радаў “Iustitia et pax” і па справах свецкіх. Гэта сустрэча прымеркавана да маючай адбыцца 29 красавіка беатыфікацыі Слугі Божага Джузэппэ Таньёла – эканаміста і сацыёлага, універсітэцкага выкладчыка, бацькі 7 дзяцей, аднаго з самых выдатных каталіцкіх грамадскіх дзеячаў Італіі. Гаворачы аб ім, кардынал Бэртонэ адзначыў, што заслугі Джузэппэ Таньёла не абмяжоўваюцца толькі тым, што ён даў імпульс развіццю сацыяльнага навучання Касцёла, але становяцца актуальнымі “у сувязі з патрэбай у хрысціянстве, якім жывуць радыкальна”. Паводле кардынала Дзяржсакратара, такое хрысціянства характарызуе “з аднаго боку, містычная любоў да Бога, а з іншага, вера, якая задзейнічана ў культуры”.

Іерарх адзначыў, што сёння застаецца актуальным таксама шлях да мірнага існавання паміж усімі членамі грамадства, прыхільнікам чаго быў Джузэппэ Таньёла. Кардынал Бэртонэ нагадаў, што гэты шлях заключаецца, “не ў знішчэнні адметнасцяў, але ва ўмацаванні дыялога”. Гаворачы аб прыкладзе Слугі Божага, кардынал звярнуў увагу таксама на абавязак усіх свецкіх вернікаў, па прыкладзе дванаццаці апосталаў і іх шматлікіх вучняў, прымаць удзел у евангелізацыі. “У кожную гістарычную эпоху былі піянеры, якія далі новы імпульс і запал вечнаму евангельскаму пасланню збаўлення: у першым тысячагоддзі – гэта былі пераважна законнікі, у другім – жабрацкія ордэны, у трэцім, – у чым я ўпэўнены – гэта заданне будзе датычыць у першую чаргу свецкіх, як паказвае сведчанне Джузэппэ Таньёла”, - сказаў кардынал Бэртонэ.







All the contents on this site are copyrighted ©.