2012-04-27 12:08:04

Еўрапейскія епіскапаты правядуць кантынентальны кангрэс катэхетаў


RealAudioMP3 7-10 мая ў Рыме пройдзе XII Еўрапейскі кангрэс катэхетаў. Арганізатарам форума з’яўляецца Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, а ўдзел у ім прымуць біскупы і адказныя за катэхізацыю ў нацыянальных епіскапатах Старога Кантынента. Падрыхтоўкай форума займаецца Камісія Рады Біскупскіх Канферэнцыі Еўропы “Катэхеза, школа і універсітэт”, якую ўзначальвае арцыбіскуп Вэстмінстэрскі Вінцэнт Нікалс, старшыня епіскапата Англіі і Уэльса. Удзельнікі мерапрыемства будуць дыскутаваць на тэму “Хрысціянская ініцыяцыя ў перспектыве новай евангелізацыі” і звернуць асаблівую ўвагу на праблемы катэхізацыі дзяцей і моладзі ад 7 да 16 гадоў. У праграме кангрэса шматлікія даклады, дыскусіі і праца ў групах.

У спецыяльным паведамленні адзначаецца, што “тэма хрысціянскай ініцыяцыі звязана з разважаннем Касцёла аб неабходнасці новай евангелізацыі, асабліва ў 20-ю гадавіну выдання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і 50-ю гадавіну адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора”.

9 мая, ў Свята Еўропы, удзельнікі кангрэса прымуць удзел у св. Імшы за Стары Кантынент, якая пройдзе ў Папскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ ў Рыме. У гэты дзень іерархі будуць асаблівым чынам маліцца аб прысвячэнні Богу страхаў і надзей грамадзян еўрапейскага кантынента, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні. У св. Імшы прымуць удзел таксама паслы еўрапейскіх краін пры Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.