2012-04-26 13:01:02

Ватыкан: канферэнцыя аб праблемах лячэння і прафілактыкі слепаты


RealAudioMP3 4-5 мая ў Ватыкане пройдзе Міжнародная канферэнцыя па праблеме лячэння і прафілактыкі слепаты, згодна з новымі перспектывамі, якія адкрываюцца дзякуючы развіццю навукі і выкарыстанню традыцыйных форм лячэння. Арганізатары форума – Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя і фонд “Добры Самаранін”. Адзначаецца, што на ім будуць разгледжаны душпастырскія падыходы дапамогі сляпым людзям. Паведамляецца, што мерапрыемства можа даць імпульс нацыянальным, міжнародным, касцёльным і грамадскім установам, стварыць умовы для паўсюднага і бясплатнага лячэння хваробаў, якія ўплываюць на страту зрока. У форуме прымуць удзел навукоўцы з усіх пяці кантынентаў.

Удзельнікі канферэнцыі паразважаюць над тэалагічным аспектам слепаты: постацямі сляпых, прадстаўленых у Святым Пісанні, укладзе Касцёла ў клопат аб тых, хто не бачыць. У праграме мерапрыемства прадугледжаны таксама даклады аб сацыяльна-палітычных і эканамічных фактарах, якія ўплываюць на распаўсюджанне слепаты. Кітайскія навукоўцы пазнаёмяць удзельнікаў з метадамі яе лячэння ў краінах, якія развіваюцца. Акрамя таго, гаворка пойдзе аб прычынах узнікнення слепаты і стратэгіях барацьбы з хваробамі, якія яе выклікаюць.

У нядзелю, 5 мая, падчас круглага стала, навукоўцы правядуць дыскусіі аб новых біямедыцынскіх і фармакалагічных тэхналогіях, укладзе недзяржаўных і касцёльных арганізацый у клопат аб нябачачых людзях. Акрамя таго, у праграме форума прадугледжана св. Імша ў базыліцы св. Пятра, сведчанні святароў, якія дапамагаюць сляпым, сустрэчы з членамі Еўрапейскага парламента.








All the contents on this site are copyrighted ©.