2012-04-25 16:26:13

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт канфірмацыі – боязь Божая


RealAudioMP3 Сёння мы пачынаем новую серыю разважанняў, якая будзе прысвечана сакрамэнту канфірмацыі, які таксама завецца – бежмаваннем. На працягу васьмі праграм, мы паспрабуем заглянуць у глыбіню гэтага сакрамэнта, увайсці ў яго сэнс і адкрыць яго значэнне. Мы паразмаўляем на розныя тэмы: аб самім абрадзе, які ўключае ў сябе намашчэнне хрызмам чала, ускладанне рук і прыняцце знака Святога Духа, аб біблійных тэкстах, якія яго суправаджаюць, а таксама малітвах, якія падчас яго прамаўляюцца. Канешне, размова пойдзе і аб Святым Духу і Яго дарах. Менавіта Ён з’яўляецца галоўнай дзеючай асобай гэтага сакрамэнта.

Святы Дух нават для многіх вернікаў часта застаецца незразумелай таямніцай. Напрыклад, зразумець хто такі Бог Айцец ці Бог Сын, нашмат лягчэй правёўшы паралель з нашымі зямнымі катэгорыямі. Але хто такі Святы Дух? Напрыклад, каб даведацца больш аб якім-небудзь чалавеку неабходна ў першую чаргу паглядзець як ён дзейнічае, якія яго ўчынкі, як ён узаемадзейнічае з іншымі людзьмі. Тое ж датычыць і Святога Духа. Аб Яго учынках, ці дарах, даволі зразумелымі словамі кажа прарок Ісая. У 11 радзеле сваёй кнігі, ён адзначае, што дарамі Духа Пана з’яўляюцца мудрасць і розум, рада і мужнасць, умеласць і пабожнасць, а таксама боязь Бога, якая паводле біблійных тэкстаў з’яўляецца фундаментам мудрасці.

Гаворачы аб Святым Духу, неабходна памятаць, што Ён не з’яўляецца рэччу – Ён Асоба, якая ўстанаўлівае адносіны, дзейнічае ў нас і ў нашым жыцці. Яго дзейнасць, аднак немагчыма вымяраць колькаснымі катэгорыямі, але выключна якаснымі. Я не магу сказаць, што маю кілаграм Святога Духа, ці напоўнены Ім напалову, але – маю большыя ці меншыя адносіны з Ім. Калі маю адносіны са Святым Духам атрымліваю ад Яго тыя ці іншыя дары.

Менавіта аб гэтых дарах прапаную паразмаўляць. Гэтых дароў сем. Пачнем з самага апошняга – дару боязі Божай, каб напрыканцы прыйсці да самага першага і найбольш грунтоўнага – дару мудрасці. Дык вось першае пытанне: чаму Святы Дух даруе нам боязь, святую боязь Бога?

На першы погляд даволі дзіўна: я павінен адкрыцца на Святога Духа, каб атрымаць страх. Навошта мне здаўся такі дар? Я і так маю дастаткова страхаў: страх нешта згубіць, страх перад тым, што нешта здарыцца, і іншыя натуральныя страхі, якія суправаджаюць жыццё чалавека. Страхі ў жыцці чалавека ёсць. Кожны псіхіятр скажа, што чалавек без страхаў – гэта неўраўнаважаная асоба. Страх – гэта здаровая і натуральная рэч. Яна характарызуе нармальнае адчуванне рэальнасці.

Аднак, у той жа час, страхі могуць быць рознага тыпу: мы можаць мець зямны страх – страх перад рэчамі гэтага свету. Мы можам мець рабскі страх – страх перад іншым чалавекам. Мы можам нават баяцца Бога. Але ў цэнтры такіх страхаў будзе толькі клопат аб нашай бяспецы. Зараз гаворка ідзе не аб такім відзе страху. Боязь Божая не з’яўляецца страхам перад пакараннямі.

Боязь Божую можна назваць сыноняй бояззю. Адзін рабін назваў боязь Божую страхам перад тым, каб стаць рабом уласнага эгаізму. Боязь Божая дапамагае нам бачыць сапраўдную небяспеку ў жыцці – небяспеку рабіць злыя ўчынкі, прыносіць боль нашаму бліжняму, закрыцца ў “бункеры” уласнай самадастатковасці.

Напрыклад, мы баімся, што іншыя будуць кепска думаць пра нас – але якая ў гэтым небяспека? Ці ад гэтага залежыць наша жыццё? Рызыка зрабіць зло бліжняму – вось сапраўдная рызыка.
Сапраўдная рызыка – гэта разбурыць цудоўныя і прыгожыя рэчы ў нашым жыцці: сужэнства, пакліканне. Сапраўдная рызыка – гэта не зрабіць нічога вартаснага, важнага і вялікага, не выкарыстаць магчымасці для таго, каб зрабіць дабро, не зрабіць нешта шляхетнае, закрыцца на высокія аспекты жыцця, змаранаваць час на непатрэбныя рэчы – гэта сур’ёзныя небяспекі, якія могуць напаткаць чалавека.

Такія рызыкі стаяць перад кожным з нас і іх мы павінны баяцца. Жыццё, гэта не амерыканскае кіно, дзе напрыканцы ўсё само па сабе заканчваецца добра. Неабходна самім накіроўваць яго, рабіць правільныя выбары, баяцца змарнаваць яго надарэмна ці павярхоўна адносіцца да саміх сябе.

Святая боязь Божае дае нам магчымасць зразумець рэальнасць, цяжар многіх рэчаў, на якія мы ў штодзённым жыцці не звяртаем увагу. Гэта дар, які нас робіць уважлівымі да па-сапраўднаму сур’ёзных рэчаў. Гэта напамін аб тым, што мы можам рабіць зло. Гэта глыбокі напамін, аб тым, што будучы насычаным, жывучы ў дабрабыце, мы можам змарнаваць дабро, якое атрымалі ад Бога – не зрабіць дабро, якога Бог ад нас чакае. Боязь Божая – гэта заклік да таго, каб быць уважлівым і заўсёды чуваць над сваім жыццём.








All the contents on this site are copyrighted ©.