2012-04-25 13:26:29

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: злучыць малітоўнае жыццё і практычную дзейнасць


RealAudioMP3 25 красавіка, Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў не рабіць падзелу паміж малітоўным жыццём і ўчынкамі любові ў адносінах да бліжніх. Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, Папа прамовіў да прысутных катэхезу, якую прысвяціў рэалізацыі запаведзі любові ў адносінах да бедных ў першай хрысціянскай супольнасці ў Ерузалеме. Пантыфік падкрэсліў, што клопат аб слабых, бедных і безабаронных, быў для апосталаў такім жа фундаментальным аспектам іх жыцця, як і абвяшчэнне Божага слова. Папа нагадаў, што з самага пачатку вучні Хрыста абралі “сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці”, якім даручылі місію служэння патрабуючым. Цытуючы Дзеі Апосталаў, Святы Айцец падкрэсліў, што гэтыя людзі не толькі валодалі “добрай славай”, але таксама былі напоўнены Святым Духам і мудрасцю, “святлом Бога”, а гэта ўказвае на тое, што” іх функцыя, хоць і была практычнай”, адначасова з’яўлялася і духоўнай. “Любоў і справядлівасць не з’яўляюцца толькі сацыяльнай дзейнасцю, але і духоўнай, рэалізаванай у святле Святога Духа”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Мы не павінны згубіцца ў чыстым актывізме, але павінны дазволіць святлу Божага слова прасякнуць нашу дзейнасць і, такім чынам, навучыцца сапраўднай любові, сапраўднаму служэнню бліжняму, які не патрабуе шмат: канешне ён мае патрэбу ў неабходных рэчах, але перш за ўсё, у любові нашага сэрца, святле Бога”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што многія святыя “перажывалі глыбокае адзінства паміж малітоўным жыццём і дзейнасцю, напоўненай любоўю да Бога і братоў”.
Ён прывёў прыклад св. Бернарда, якога назваў “узорам гармоніі паміж кантэмпляцыяй і працавітасцю”. Пантыфік нагадаў, што ў адной са сваіх кніг, пад назвай “De consideratione” св. Бернард, “падкрэсліваў важнасць унутранай засяроджанасці і малітвы, неабходнай для абароны ад празмернай актыўнасці”. “Св. Бернард падкрэсліваў, што шматлікія турботы, апантанае жыццё, часта прыводзяць да зацьвярдзеласці сэрца і духоўных пакут”, - сказаў Святы Айцец.

“Гэты каштоўны заклік гучыць таксама і да нас сёння, бо мы прызвычаіліся аценьваць усё праз крытэрыі прадуктыўнасці і эфектыўнасці. Урывак Дзяў Апосталаў нагадвае аб важнасці працы, якая без сумневу становіцца служэннем; штодзённай дзейнасці, што павінна ажыцяўляцца з адказнасцю і прысвячэннем, але таксама і аб нашай патрэбе ў Богу, у яго кіраўніцтве, святле, якое дае сілу і надзею”, - адзначыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што без штодзённай малітвы “наша дзейнасць пустошыцца, губляе глыбіню душы, абмяжоўваецца простым актывізмам, які напрыканцы пакідае нас незадаволеннымі”. Акрамя таго, Святы Айцец нагадаў, што ў жыцці першых хрысціянскіх супольнасцяў малітва дапамагала не толькі перад абліччам складаных сітуацый, але і ў справах міласэрнасці. Узгадваючы фрагмент з Дзеяў Апосталаў, Папа адзначыў, што даручаючы выкананне гэтай місіі праз ускладанне рук на сем абраных членаў супольнасці, вучні маліліся разам. “Гаворка не ішла аб тым, каб даручыць заданне, як гэта адбываецца ў якой-небудзь сацыяльнай установе, але аб эклезіяльнай падзеі ў якой Святы Дух авалодвае сям’ю абранымі Касцёлам мужамі, прысвячаючы іх Праўдзе, якой з’яўляецца Езус Хрыстус”, - сказаў Пантыфік. Папа дадаў, што менавіта Хрыстус быў прысутны ва ўскладанні рук, каб абраныя маглі быць пераменены яго моцай і сталі здольнымі прыняць практычныя і пастырскія выклікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.