2012-04-24 16:35:07

"Хрысціянін у сучасным грамадстве". Спакусы гуманізму без Бога


RealAudioMP3 Вітаю Вас, шаноўныя слухачы, у нашай чарговай перадачы, прысвечанай разважанням над жыццём хрысціяніна ў секулярным, свецкім грамадстве. Напрацягу нашых радыёспатканняў мы неаднаразова заўважалі, што секулярызм – гэта вельмі неадназначная з’ява. Існуюць такія прыхільнікі гэтай ідэалогіі, якія выступаюць з адкрытай варожасцю да ўсялякіх праяўленняў рэлігіі і звышнатуральнасці ў грамадскім жыцці. А ёсць такія, якія выказваюцца даволі талерантна адносна прысутнасці нейкагай веры ў соцыуме. Вядома, сярод сотняў мільёнаў веруючых людзей па ўсім свеце склада разлічваць на поспех варожай ідэалогіі. Таму большы поспех сярод вернікаў мае ўмераны секулярызм, які апраўдвае свае антырэлігійныя захады імкненем да забеспячэння агульнага дабра, свабоды, неабходнага сацыяльнага плюралізму і роўнасці.

Такі нібыта верацярпімы і гуманны падыход да ліквідацыі рэлігіі асноўваецца на вельмі спрытнай і крывадушнай аргументацыі. Найчасцей змагары за свецкасць апраўдваюць свае дзеянні неабходнасцю забеспячэння роўнасці і плюралізму светапоглядаў ці веравызнанняў. Паводле логікі секулярыстаў, прысутнасць нейкай рэлігіі ў грамадскім жыцці стварае небяспеку яе дамінацыі, у выніку чаго дадзенае веравызнанне будзе прэтэндаваць на таталітарнасць, вынішчаючы кожнае іншадумства. Каб не дапусціць дыктату нейкай рэлігіі ў грамадстве, належыць адцясніць усе веравызнанні, дазіруючы іх уплыў на грамадства. Такі падыход, паводле секулярыстаў, забяспечыць роўныя магчымасці ўсіх рэлігій на прапаганду сваіх поглядаў. Адначасова гэта абароніць грамадства ад небяспекі перахілу ў бок нейкай адной рэлігіі, што можа парушыць дэмакратычны баланс сілаў у краіне.

Акрамя гэтага, многія ідэолагі секулярызму выступаюць за тое, што належыць адцясняць усё тое, што адрознівае розныя рэлігіі, а максімальна падтрымліваць усё тое, што іх яднае. Свецкую дзяржаву зусім не цікавіць праўда, іншымі словамі - праўдзівасць нейкага веравызнання, але толькі яго маральная і сацыяльная прыдатнасць. Гэта значыць, што крытэрыем “добрай” ці “правільнай” рэлігіі з’яўляецца тое, наколькі яна спрыяе забеспячэнню міру і ладу ў дзяржаве. Іншымі словамі можна сказаць, што талерантны секулярызм глядзіць на рэлігію з пункту гледжання яе сацыяльнай карыснасці.

Гуманныя аргументы ідэолагаў секулярызму могуць падкупіць нават хрысціянаў сваім пераканаўчым клопатам пра чалавека. Бо сапраўды, кожная разумная асоба заўсёды будзе выступаць супраць рэлігіі, якая заклікае да насілля, імкнецца да таталітарнага кантролю над грамадствам ці адзінкай. Чалавек па сваёй натуры імкнецца да таго, што нясе свабоду, любоў і паяднанне. Таму найбольшыя шанцы на поспех мае рэлігія, якая прапагандуе свабоду і ўнікальнасць чалавека, заклікае людзей да любові і жыцця ў гармоніі з акружаючым светам. Ідучы за такім ходам разважанняў секулярыстаў, узнікае заканамернае пытанне многіх хрысціянаў: калі нашая рэлігія поўнасцю падыходзіць пад тыя маральныя крытэрыі, якія ставіць секулярызм, то чаму ідэолагі свецкасці так зацята імкнуцца выцясніць хрысціянства з грамадскага жыцця? Выглядае поўным абсурдам барацьба секулярыстаў супраць хрысціянства, якое нясе найбольш узнёслыя ідэалы гуманізму, свабоды, любові і гармоніі.

Ключ да зразумення напружанасці паміж секулярным і хрысціянскім светапоглядам крыецца ў розніцы разумення чалавека і сэнсу яго жыцця. Ідэалогія секулярыму ставіць перад сабой мэту стварыць ідэальныя ўмовы для чалавека ў гэтым свеце. Ролю рэгулятара ў адносінах паміж людзьмі павінна забяспечыць такая сістэма маралі, якая дапамагала б рэалізаваць рай на зямлі. Адсюль кожная рэлігія, якая перашкаджае будаваць зямны рай паводле крытэрыяў секулярызму, разглядаецца як дэстабілізуючая і шкодная.

Пры гэтым трэба заўважыць, што ідэалогія свецкасці ўвесь час імкнецца ацэньваць рэлігію, але пазбягае самаацэнкі, гаворкі аб пагрозах антырэлігійнасці, што можа прывесці да яшчэ большай трагедыі. Тут крыецца пэўная крывадушнасць секулярызму. Бо ў рэлігіі ўвесь час вышукваюцца праяўленні зла і небяспекі. А ў секулярнасці ўвесь час падкрэсліваюцца толькі добрыя бакі і поўнасцю ігнаруюцца слабыя моманты. А менавіта слабасць секулярызму заключаецца ў тым, што ён не мае інструментаў забеспячэння грамадства ад найгоршых праяўленняў дэгуманізацыі і таталітарызму. Бо калі чалавек замыкаецца на Бога, а свае ўласныя меркаванні пачынае лічыць адзіна правільным крытэрыем дабра і зла, тады ствараецца сітуацыя, пры якой імкненне да свабоды і міру можа пайсці шляхам зняволення і вайны у імя міру. Яшчэ бласлаўлёны Папа Ян Павел II, звяртаючы ўвагу на спробы пабудовы гуманнага грамадства без Бога, казаў: “дэмакратыя без каштоўнасцей лёгка ператвараецца ў яўны або закамуфляваны таталітарызм”. А сучасны Папа Бэнэдыкт XVI персцерагае асабліва еўрапейскія секулярныя грамадствы перад пагрозай “дыктатуры лібералізма”.

Таму варта хрысціянам, якія знаходзяцца пад моцным ціскам секулярнай культуры, быць чуйнымі. Варта не забываць, што сапраўды шчаслівае жыццё залежыць ад таго, наколькі чалавек перастае прыдумваць міражы дабра і праўды, а імкнецца адкрываць гэтыя каштоўнасці ў дзьвюх найважнейшых кнігах Пана Бога - Бібліі і прыродзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.