2012-04-22 12:44:49

Рым прыме сімпозіум аб Касцёле ў Еўропе падчас камунізму


RealAudioMP3 24 красавіка ў Венгерскай Акадэміі ў Рыме пройдзе аднадзённы сімпозіум на тэму “Каталіцкі Касцёл у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ва ўмовах камунізму. Адносіны, стратэгія, тактыка”. Анансуючы гэту падзею, “L’Osservatore Romano” падкрэслівае, што яго мэтай з’яўляецца “дэманстрацыя складанай логікі гэтага драматычнага супрацьстаяння, што ў другой палове ХХ стагоддзя мела глыбокі ўплыў на гісторыю Касцёла, які сутыкнуўся з рознымі камуністычнымі рэжымамі”.

Ватыканскае выданне адзначае, што гэта супрацьстаянне “патрабавала разнастайных паводзін і стратэгій, у залежнасці ад перыяду і краіны”. “Святы Пасад, біскупы і святары, павінны былі ўлічваць не толькі дактрынальны аспект, але і душпастырскі”, - сцвярджае газета і паведамляе, што на прыкладзе Венгрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Румыніі і Югаславіі, удзельнікі спрабуюць паказаць сродкі, з дапамогай якіх Касцёл спрабаваў забяспечыць “выжыванне” касцёльных супольнасцяў і структур, неабходных для ўдзялення сакрамэнтаў”.

На сімпозіуме размова пойдзе “аб пераследзе і мучаніках камунізму, на прыкладзе такіх постацяў, як кардыналы Міндсэнці і Вышынскі або свецкі католік з Венгрыі Дзюла Сэкфю; удзельнікі ўзгадаюць таксама ўсходнюю палітыку Ватыкана (Ostpolitik), пачынаючы ад Югаславіі часоў Ціта” - паведамляе “Osservatore”.

Саарганізатарамі сустрэчы будзе шэраг навуковых устаноў Рыма. Патранат над мерапрыемствам узяў Папскі камітэт гістарычных навук.







All the contents on this site are copyrighted ©.